падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

«Польскі пейзаж»

4 - 22 лiстапада 2009Мастацтва
Месца: Мінск, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва

4 лістапада 2009 года 17-й гадзіне Галерэя Арсенал (Беласток), Польскі Інстытут у Мінску, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва запрашаюць на адкрыццё выставы польскага сучаснага мастацтва “Польскі пейзаж” па адрасе: Мінск, пр. Незалежнасці, 47. У вернісажы прымуць удзел: дырэктар Галерэі Арсенал Моніка Шэўчык, куратар Магдалена Гадлеўска, мастакі – Якуб Дамброўскі, Войцех Лазарчык.

Выстава, прадстаўленая ў Музеі, – гэта невялікі фрагмент сумеснай калекцыі Галерэі Арсенал у Беластоку і Падляшскага таварыства падтрымкі мастацтва, вынік супрацоўніцтва дзяржаўнай установы і грамадскай арганізацыі, падтрыманага сродкамі Міністэрства культуры ў рамках праекту “Знакі Часу”.
Выстава складаецца з твораў, якія паўсталі падчас трансфармацыі, грамадска-палітычных зменаў, у перыяд, які для польскага мастацтва аказаўся надзвычай плённым, выклікаў дынамічнае развіццё польскай мастацкай сцэны.
Мастакі, якія тварылі пасля 1989 года, вызваленыя ад цяжару нацыянальных пакутаў, хутка скіравалі свае пошукі да асноў культурнай тоеснасці – польскасці, нацыі, хрысціянскай спадчыны ці гістарычнай памяці, уключаючыся ў прастору публічных дэбатаў, а часамі і фарміруючы яе.
Назва „Польскі пейзаж” гучыць ідылічна, нагадвае радок з песні Евы Дэмарчык: ”...будзе пейзаж, свежы, спеўны, такі пейзаж, такі светлы”... , асацыіруецца з соснамі мюнхенскай школы і крывымі вербамі, з барознамі, з Хелмонскім і братамі Герымскімі .
Але польскі пейзаж – больш шырокае паняцце, гэта не толькі вобраз зямлі, на якой мы жывём, гэта таксама людзі, якімі мы з’яўляемся. Гэты тэрмін у роўнай ступені датычыць краявіду і стану польскага грамадства.
Выставу адкрывае рэалістычная карціна Лявона Тарасэвіча – выдатнага беларускага творцы, які нарадзіўся і жыве ў Польшчы, а замыкае – манахромная кампазіцыя Войцеха Лазарчыка, ствараючы вельмі сімвалічную рамку. Абедзве гарызантальныя, утрыманыя ў мінорнай танацыі, яны служаць зыходным пунктам для твора Рафала Буйноўскага – карціны і фільма, які паказвае працэс малявання, а дакладней, працэс замалёўвання чорна-белага рэалістычнага пейзажа, аж да паўстання манахромнай абстракцыі.
У гэтай парадыгме добра змяшчаюцца сінтэз пейзажа аўтарства Томаша Цяцерскага і футурыстычныя, віртуальныя архітэктанічныя кампазіцыі Аляксандры Палісевіч як асучасненая ідэя шкляных дамоў.
Але сучаснага польскага мастака больш цікавіць грамадская прастора і роля крытычнага пасрэдніка ў гэтай прасторы.
Мастакі займаюць пазіцыю, падсоўваюць нам люстэрка мастацтва, каб мы маглі паглядзецца ў яго. „Людскі пейзаж” прадстаўлены, між іншымі, творам „Кшыштаф Чарвінскі II” Катажыны Казыры – спробай асэнсавання трэснутай тоеснасці праз выкарыстанне колераў нацыянальнага сцяга, у які загорнута скалечанае цела бадзягі.
“Дэмасутра” Робэрта Румаса складаецца з серыі здымкаў “іерогліфаў” далоні на фоне маляўнічых хмар і неба, яна ў роўнай ступені намякае на “мастацтва любові” і на мастацтва палітыкі. „Пісаныя карціны” Ядвігі Савіцкай закранаюць грамадскія эмоцыі, артыкуляваныя праз жорсткія загалоўкі газет, якія ствараюць негатыўны вобраз свету. Ураўнаважвае іх пытанне, якое ставіць Куба Дамброўскі, „Што цябе раздражняе?” Пералічванне таго, што цябе раздражняе, часам дазваляе супакоіцца, артыкуляцыя праблемы дазваляе ўтаймаваць яе.
Станіслаў Стасюк у “Бартавым часопісе” (Dzienniku okrętowym) піша: “Вось, што значыць быць сярэднееўрапейцам: жыць паміж Усходам, якога ніколі не існавала, і Захадам, які існаваў аж занадта. Вось, што значыць жыць “пасярэдзіне”, калі “сярэдзіна”, на самой справе, і з’яўляецца адзіным рэальным мацерыком. Толькі гэта непастаянны мацярык. Нагадвае хутчэй выспу, можа нават плывучую. А можа, і карабель, які носіцца туды-сюды па плыні “Усход-Захад”.
У „Тэледыску” Паўла Альтгамэра крайнія дэкларацыі добра ілюструюць грамадскія падзелы, а падкрэсленыя прыпевам песні „nie mam swego ego, nie mam tożsamości to jest dziwna sprawa dziwny brak łączności” (не маю свайго эга, не маю тоеснасці, гэта дзіўная справа, дзіўны брак сувязі) адчуванне адчуджанасці пакаленняў і адсутнасці ідэнтыфікацыі становяцца элементам зборнага патрэта палякаў.
І такім чынам, ад пейзажа мы пераходзім да партрэта, што, зрэшты, у выпадку гэтай выставы, не мае вялікай розніцы.
 
Моніка Шэўчык
дырэктар Галерэі Арсенал,
куратар выстаўкі «Польскі пейзаж»