падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

ПШЭМЫСЛАЎ ПАКРЫЦКI. “Рытуалы пераходу”

6 верасня - 6 кастрычнiка 2018Мастацтва
Месца: Мінск, Галерэя «Ў» Мiнск, вул. Кастрычніцкая, 19 (уваход з боку вул. Леніна з двара)

Выстава фатаграфіі
ПШЭМЫСЛАЎ ПАКРЫЦКI. “Рытуалы пераходу”

06.09 — 06.10
Галерэя «Ў»

Мiнск, вул. Кастрычніцкая, 19 (уваход з боку вул. Леніна з двара)
12:00 – 20:00, штодня

06.09

Адкрыццё выставы, 19:00
Галерэя «Ў»

Экскурсія па выставе ад аўтара праекту, 20:00

Фатограф у тэатры сацыяльных рытуалаў


Цыкл “Рытуалы пераходу” Пшэмыслава Пакрыцкага выяўляе свецкія аспекты рэлігійных абрадаў. А менавіта, па парадку: хрост, першае прычасце, вянчанне, адпяванне нябожчыка. Галоўныя падзеі ў жыцці каталіка, якія гарантуюць яму/ёй належнае зямное жыццё і – як вынік – жыццё пасля смерці. Рытуалы суправаджаюцца таемствамі і адпаведнымі святкаваннямі падзеі. Найперш хрост як таемства хрысціянскай ініцыяцыі, пачатак новага жыцця, потым еўхарыстыя (першае прычасце) і нарэшце сацыяльнае таемства шлюбу. Таксама развітанне з нябожчыкам – важнае апошняе таемства хрысціянства. Рытуалы, такім чынам, не толькі надаюць сакральнасць моманту трансфармацыі, але і дапамагаюць як асобным людзям, гэтак і цэлым групам па магчымасці лягчэй перанесці змены. Да таго ж, як падкрэслівае Ёанна Такарска-Бакір (1), рытуал здымае напружанне, якое непазбежна выклікаюць жыццёвыя змены. Дзякуючы гэтаму змены можна кантраляваць, адпаведна, мы можам казаць пра рацыянальнасць рытуалу. Арнольд ван Жэнэп сцвярджае, што любая змена ў жыцці чалавека суправаджаецца рытуалам пераходу. Гэта датычыць усіх сфераў, па чарзе ўсіх стадыяў, згодна з біялагічным парадкам (ад нараджэння да смерці), зменаў сацыяльнага статусу (пабрацца шлюбам, зрабіцца бацькам ці маці), прасоўвання ў групавой іерархіі ды нават мінання сімвалічных (або рэальных прасторавых) межаў.

Пакрыцкі адлюстроўвае сацыяльныя формы святкавання гэткіх падзеяў, ствараючы маштабны калектыўны партрэт палякаў. У той жа час ягоны цыкл ставіць шмат пытанняў. Яны датычаць дзвюх фундаментальных праблемаў, адна з якіх фармулюецца ў кантэксце тэорыі фатаграфіі, а другая – у кантэксце тэорыі сацыялогіі. Першая звязаная са статусам фотадакументалістыкі, адсылаючы да разваг над прыродай фатаграфіі і яе месцам у свеце сучаснага мастацтва. Другая закранае сацыяльны аспект рытуалаў, цырымоніяў, святкаванняў і – шырэй – усю сістэму культурнай рэпрадукцыі і метадаў яе даследавання (якія ў тым ліку ўлучаюць фатаграфію). Адсюль вынікае, для якаснага аналізу нам патрэбныя абедзве перспектывы. Мы мусім вызначыць і характарызаваць канвенцыю, якую выкарыстаў Пакрыцкі, але нам таксама трэба абазначыць нашую пазіцыю што да значэння ягонай фатаграфіі. Пачнем з канвенцыі дакументальнай фатаграфіі. Для пачатку згадаю пра цікавы феномен. А менавіта: дакументальная фатаграфія апошнім часам перажывае ў Польшчы вялікае адраджэнне. Фатографы-дакументалісты экспануюцца ў асноўных галерэях і на вялікіх супольных выставах. Можа нават скласціся ўражанне, што гэта галоўны кірунак польскай фатаграфіі. Так сталася дзякуючы змене кантэксту, у якім раней прэзентавалася дакументальная фатаграфія, як заўважыў Збігнеў Тамашчук (2). Дакументалістыка была інкарпараваная ў колазварот мастацтва.

Фатаграфічны цыкл Пакрыцкага належыць да фотажанру, які час ад часу апісваюць як сацыялагічны. Пакрыцкі расказвае гісторыю пра нас, апісваючы цырымоніі, на якіх нам даводзілася прысутнічаць. Мы ведаем усе гэтыя рытуалы з уласнага досведу, і большасць з нас прымае сацыяльны імператыў удзельнічаць у іх. Вонкавая трывіяльнасць гэтых фатаграфіяў хавае ў сабе безліч інфармацыі. “Рытуалы пераходу” ствараюць важны сацыялагічны зрэз, дакумент часу, каштоўнасць якога будзе павялічвацца з цягам гадоў. Фатограф у свеце рытуалаў выстаўляе свае працы на агляд як сучаснікаў, гэтак і тых, хто працягне нашыя сацыяльныя гульні.

Томаш Фэрэнц