падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Салавейчык – Аўгусціс. Пачатак і канец эпохі.

14 кастрычнiка - 8 лiстапада 2015Мастацтва
Месца: Мінск, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, вул. К.Маркса, 12

Выстава “Салавейчык – Аўгусціс. Пачатак і канец эпохі”

Куратары выставы: Гжэгаж Дамброўскі – фатограф, журналіст. Анджэй Лехоўскі – гісторык, музеязнаўца

Арганізатары выставы: Таварыства культурнай адукацыі WIDOK, Падляшскі музей у Беластоку, Польскі Інстытут у Мінску, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Юзэфа Салавейчыка і Баляслава Аўгусціса аб’ядноўвае тое, што яны абодва фатаграфавалі Беласток. Абодва не абмяжоўваліся працай у атэлье, хоць яна была іх галоўнай крыніцай існавання. Звязвае іх таксама і тое, што Салавейчык сфатаграфаваў Беласток першым, а Аўгусціс закрыў гэты раздзел ў гісторыі Беластоку ў 1939 годзе. Такім чынам, сваёй творчасцю яны вызначылі эпоху ў гісторыі беластоцкай фатаграфіі.

Юзэф (Янкель) Салавейчык быў сынам Якуба, таксама фатографа, у якога была свая майстэрня ў сярэдзіне ХІХ ст. у Нясвіжы, а пазней у Гродне, у якой пэўны час абодва працавалі. Мы не ведаем, калі Юзэф Салавейчык пераехаў у Беласток. Самая старэйшая яго фатаграфія, захаваная ў музейных зборах, датавана 1892 годам. Але славу ён атрымаў ствараючы манументальны альбом “Vidy goroda Bielastoka 1897 g.” (Віды горада Беластока 1897 г.), які ўлады горада ўручылі цару Мікалаю ІІ у часе яго візіту ў Беласток. У ім змешчаны 29 фатаграфій, і ён з’яўляецца першым ў гісторыі Беластока рэпартажам пра горад. Салавейчык паказвае ў ім галоўныя вуліцы, прадстаўнічыя будынкі, фабрыкі, паркі. Кампазіцыя яго фатаграфій распазнавальная. Адначасова ён з’яўляецца на той час адзіным беластоцкім фатографам, які выходзіць са свайго атэлье ў гарадскую прастору. Аднак штодзённай яго працай былі партрэтныя фотаздымкі ў атэлье. У іх ён таксама вылучаецца стараннасцю, падборам дэкарацый. За свае працы ён атрымоўвае ўзнагароды ў Брусэлі ў 1905 годзе, у Антвэрпэне ў 1907 годзе, у Растове-на-Доне ў 1908 годзе і ў гэтым жа годзе ў Гаазе.

Майстэрня працавала яшчэ на пачатку 20-х гадоў ХХ ст. Але як мы не ведаем даты пачатку яе працы, так і не ведаем дату канца.

Баляслаў Аўгусціс (1912-1995)

Год 2004, у адным беластоцкім доме два хлопцы выпадкова знаходзяць скрутак старых негатываў. Як пазней высветлілася, аўтарам фотаздымкаў быў уладальнік адной фотамайстэрні з 30-х гадоў мінулага стагоддзя – Баляслаў Аўгусціс. З вычышчаных клішэ зрабілі выставу. Матэрыял гэты настолькі цікавы, што экспазіцыя паказваецца, між іншым, у Галерэі Арсенал у Беластоку, у Археалогіі фатаграфіі ў Варшаве, на Месяцы фатаграфіі ў Берліне ці Фотафестывалі ў Лодзі.

У 2010 годзе выходзіць альбом, выдадзены Таварыствам культурнай адукацыі WIDOK, які прадстаўляе 96 фотаздымкаў Аўгусціцса. Ён пацвярджае, што гэты збор з’яўляецца незвычайнай знаходкай не толькі з пункту гледжання на сваю гістарычную і сацыялагічную вартасць. Праз сваю фатаграфічную ўражлівасць і праніклівае назіранне за людзьмі выходзіць за межы майстэрскай правільнасці, уласцівай большасці ўладальнікаў фотамайстэрняў. Незвычайнасць і сучаснасць у спосабе кадрыравання, уменне схапіць рух і паказаць кантэкст зрабілі так, што фотаздымкі не састарэлі і з’яўляюцца надзвычай цікавымі для сучаснага гледача.

Калекцыя Баляслава Аўгусціса настолькі ўнікальная, што яна змяніла ўспрыманне польскай міжваеннай фатаграфіі. Гэтыя некалькі тысяч кадраў беластоцкага фатографа з’яўляюцца адным з першых, а пры гэтым настолькі вялікім і паслядоўным, прыкладам вулічнай фатаграфіі ў гэтай частцы Еўропы.

Адкрыццё выставы адбудзецца 14 кастрычніка а 17-ай гадзіне