падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Вернісаж выставы «ІХ Трыенале Польскай Графікі»

8 чэрвеня - 7 ліпеня 2016Мастацтва
Месца: Мінск, Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага,пл. Свабоды, 15

8 чэрвеня 2016 года а 17-й гадзіне Польскі Інстытут у Мінску і Музей гісторыі горада Мінска запрашаюць на вернісаж выставы «9. Трыенале Польскай Графікі», які адбудзецца ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды, 15).
 

Трыенале Польскай Графікі ў нацыянальным маштабе з'яўляецца найбольш важнай і прэстыжнай графічнай падзей з даўняй традыцыяй. Гэта конкурс, які з’яўляецца цыклічным праглядам польскай сучаснай графікі. Дзявятае агульнапольскае Трыенале графікі - гэта адна з галоўных падзей, якія суправаджаюць Міжнароднае Трыенале графікі ў Кракаве. Абедзве падзеі праходзяць у той жа самы час. Акадэмія мастацтваў у Катавіцах ўпершыню з'яўляецца арганізатарам гэтага мерапрыемства, прысвечанага польскай графіцы.
Мэтай трыенале з'яўляецца вылучэнне найбольш актуальных і каштоўных тэндэнцый у галіне графікі. Удзельнікі прадставілі працы створаныя на працягу апошніх трох гадоў.

На конкурс прадстаўлена 623 працы 254 аўтараў, якія зроблены ў асноўным традыцыйнымі графічнымі тэхнікамі.
Склад журы: Анджэй Беднарчык, Томаш Данец, Себасцьян Дудзік, Рычард Клюшчыньскі, Анджэй Лабуз, Міраслаў Паўлоўскі, Крыстына Пятроўска, Малгажата Эт Бер Варлікоўска.
 
Журы Трыенале
 
На выставе ў Галерэі М.Савіцкага будуць прадстаўлены каля 80 найлепшых прац, якія спецыяльна выбраны куратарамі для выставы ў Мінску.
 
 
“Графіка бярэ свой пачатак з вопыту матэрый, на базе якіх яна стварыла свой варштат, мову, экспрэсію і эмоцыі. Нельга асобна трактаваць яе пачуццёвую сутнасць і мастацкае выражэнне. “Што?” і “Як?” ствараюць адну, агульную рэчаіснасць. З гадамі матэрыяльнасць фарміравала досвед графічнага медыюма і гэта яна вызначыла яго візуальныя ўласцівасці, працэс стварэння, а, як следства, з’яўленне яго як асобнай дысцыпліны. Зараз графіка, улічваючы медыйнасць рэчаіснасці, пашырае характар дыялогу з медыюмам на віртуальную і лічбавую прастору, спрабуючы наноў вызначыць характар гэтага досведу. Фізічную матрыцу замяняе /дапаўняе запіс, а друк – праекцыя. Такая пераацэнка стварае новыя тыпы (не)прысутнасці матэрыі – часта ў форме візуальнага прадстаўлення. Такім чынам, дыялог з медыюмам з самага пачатку з’яўляецца рухаючай сілай эвалюцыйнага развіцця графікі, што, канечне, не ізалюе яе ад рэчаіснасці. Наадварот – празрыстая, гістарычна абумоўленая марфалогіяй мовы, якраз у гэтым абшары істотна ўзмацняе рух, пранікненне і інтэрпрэтацыю новых з’яў і закранутых праблем, паказваючы гэтым яе асаблівы “пункт гледжання”.

Гэтая цесная сувязь паміж медыюмам і вобразам відавочная сярод адабраных да трыенале прац, што паказваюць новыя адносіны і пачуцці, а таксама спосабы камунікацыі, зменнасць якіх (як падаецца) з’яўляецца ўласцівасцю ідэнтычнасці сучаснай графікі. Новая, пашыраная формула ІХ Трыенале пашырае абшар гэтых пошукаў ад класічнага тэхна да захаплення сецівам і новымі тэхналогіямі, акцэнтуючы ўвагу на два яго аспекты: захаванне вобразу і матрычную стратэгію. Таксама ставяцца пытанні: ці тое, што друкуецца, не страчвае свайго значэння, ці можа наадварот – застаецца для нас больш праўдападобным, або наогул адхіляе супрацьпастаўленне лічбавага і аналагавага медыюма, як непрыдатнае для апісання стану графікі на сённяшні дзень.

Графіка, вядучы гэты дыялог з медыюмам, выпрацавала ўласную ідыёму, праз якую фільтруе рэчаіснасць і праблематызуе паставы прадстаўленых на выставе тэм. Было б бессэнсоўна спрабаваць трактаваць і надпісваць ім экс-пост інтэрпрэтацыйныя кады. За кожным з іх стаіць, зрэшты, канкрэтная прычына мастака. Але тое, што іх аб’ядноўвае, гэта рэфлексія на тэму сучаснага распазнавання – у постаці інтуіцыі і вопыту – матэрыі рэчаіснасці...”

Гжэгаж Ханьдэрэк
Куратар ІХ Трыенале графікі ў Катавіцах

Выстава працягнецца да 30 чэрвеня 2016 года.