падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Выстаўка Малгажаты Дмітрук «МАЛПОЎНІК ДЫ ІНШЫЯ ГІСТОРЫІ»

21 сакавiка - 14 красавiка 2019Мастацтва
Месца: Віцебск, Арт цэнтр Марка Шагала, вул. Путна 2

21 сакавіка 2019 г. а 17-ай гадзіне ў Арт цэнтры Марка Шагала (вул. Путна 2) адбудзецца адкрыццё выстаўкі Малгажаты Дмітрук «МАЛПОЎНІК ДЫ ІНШЫЯ ГІСТОРЫІ».

Праект падрыхтаваны Польскім Інстытутам у Мінску.

“Малпоўнік” (літаральна “Малпін гай” – „Małpi gaj”) – гісторыя на 40 старонках, літаграфія, 2010, 29x20 см. Нататкі-комікс аб штодзённасці. Тагачаснай. Гэта кніга пра дзяцінства і сталенне. Пра адносіны. Пра сяброўства. Пра любоў у сям’і і да блізкіх. Пра малое мястэчка. Пра абсурды. Пра жыццё ў завяршальны перыяд ПНР – Польскай Народнай Рэспублікі ды пра смерць, упісаную ў жыццё.

Малгажата Дмітрук
 

 
“Прапанову напісаць тэкст на тэму творчасці Малгажаты Дмітрук я прыняў з усведамленнем таго, што мне трэба будзе пашукаць адказ наконт яе месца між іншых творцаў.

З лёгкасцю яе можна было б аднесці да вялікай, важнай і ўрачыстай сям’і рознага кшталту прымітывістаў – творцаў галубінага сэрца, як назваў іх калекцыянер Вільгельм Удэ падчас адкрыцця для іх у 1928 годзе парыжскіх салонаў ды забеспячэння месца ў музейных фондах.

Мяжа наіўнасці і прафесіяналізму шматразова перакрочваецца абодвума бакамі, што часта прыносіць істотныя рашэнні. Мяркую, у выпадку М. Дмітрук мы маем з’яву творчай адаптацыі манеры прымітывістаў да патрэб спелага інструментарыя графіка з вышэйшай акадэмічнай адукацыяй. Гэта вялікая ўдача творцы – захаваць шчырасць, свежасць, дзіцячую фантазію, натуральна, па-свойму выкарыстаць паэтыку, не абцяжараную расчараваннем і манерамі.

Сакрат Яновіч сказаў пра інструментарый сродкаў М. Дмітрук, што іх менш чым неабходна. Гэта мудрая і прыгожая рэцэнзія. Патрэбная элементарная, але ўстрыманая экспрэсія, зразумелы камунікат пра блізкія чалавеку справы, што спадарожнічаюць мастацтву аўтаркі. Яна стараецца адлюстраваць не паверхню, знешнюю абалонку рэчаў, а іх істоту.

Малгажата Дмітрук узгадвае, што калісьці яна вязала світэры па памяці. Пазней, выкарыстоўваючы ніткі са старога трыкатажу з рознай вопраткі (распускаўся цётчын світарок ці маміна спадніца), яна рабіла ўнісвітэры і ўнітканіны ды адраджала ў іх энергію колішніх карыстальнікаў. Выстаўленыя ў галерэі тканіны, што нагадваюць фігуры, засялялі прастору і вялі дыялог з наведвальнікамі, нівелявалі межы паміж целам і адзежай, узаемна пранікаючы.

“Я заўважыла, што мне трэба займацца адначасова некалькімі медыямі. То бок бываюць моманты, калі я мушу больш часу прысвяціць жывапісу, бо тады ёсць шанец, што, можа, я штосьці адкрыю (для сябе) і ахвотней вярнуся да графікі ці да шыцця. Здараецца і наадварот”. Гэтае аўтарскае выказванне – сведчанне хвалявання ды творчага патэнцыялу мастачкі.

Сатырычны малюнак і комікс выкарыстоўваюць падобны інструментарый, але ў працах М. Дмітрук няма месца для кпінаў, іроніі і зласлівасці. У іх дамінуе смех і разуменне лёсу бліжняга ды суседзяў.

У яе мастацтве метраполія сустракаецца з вёскай, сучаснасць – з учарашнім днём, агульнае – з асабістым. Мастачка верыць у фантазію гледача, пакідае поле для яго ўласных роздумаў”.

Анджэй Струміла аб Малгажаце Дмітрук

XI-XII.2016

Малгажата Дмітрук нарадзілася на Беласточчыне ў 1974 годзе, вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у Мінску, скончыла Варшаўскую акадэмію выяўленчага мастацтва. Мастачка – шматразовая лаўрэатка прэстыжнага конкурсу "Варшаўская графіка".

Выстаўка працягнецца па 14 красавіка 2019 г.