падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

ВЫСТАВА ФАКУЛЬТЭТА ГРАФІКІ АКАДЭМІІ МАСТАЦТВАЎ У Г. КАТАВІЦЭ

18 мая 2010Мастацтва
Месца: Мінск, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі, пр-т Незалежнасці, 47

Чарговы мастацкі праект, які прадстаўляе Акадэмію мастацтваў у г.Катавіцэ. На гэты раз – найбольш вядомых мастакоў, выкладчыкаў і выпускнікоў факультэта графікі. На выставе будуць прадстаўлены творы ў розных графічных кірунках: ад дрэварыта да аўтарскіх тэхнік. Падчас адкрыцця выставы заплананы майстар-класы праф. Гжэгажа Ханьдэрэка і праф. Анджэя Лабуза.


Józef Budka. Dla Kotana
litografia

 
Ян Шматлох. Вокны аквафорта
Марцін Гаеўскі. З цыклу механіка недастасаваная
litografia
 
Сыбіла Скалуба. Выразка сіметрыі
 

Графіка ў структуры мастацкай вышэйшай навучальнай установы ў Катавіцах прысутнічае ад моманту яе з’яўлення на карце Верхняй Сілезіі, г. зн. з 1947 года. Першапачаткова яна была звязана з Вроцлавам як іншагародні аддзел Дзяржаўнай вышэйшай школы выяўленчага мастацтва; пасля, больш чым праз паўстагоддзя, аж да 2001 года, развівалася пад шыльдай кракаўскай Alma Mater – самай старэйшай навучальнай установы выяўленчага мастацтва ў Польшчы –  і выпрацавала своеасаблівую, добра распазнавальную спецыфіку і характар.

Каля дзесяці гадоў назад, калі навучальная ўстанова, стаўшы аўтаномнай, як Акадэмія Мастацтваў у Катавіцах апынулася перад  выклікам падцвярджэння сваёй прыналежнасці і стварэння ўласнай рэпутацыі – кірунак Графіка натуральным чынам стаў адной з найважнейшых апор яе далейшай трансфармацыі.

У мяне такое ўражанне, што, апрача шматлікіх цяжкасцей, звязаных з перыядам першых самастойных крокаў, - гэта сапраўды добры час для катавіцкай Графікі. Яе развіццё ў рамках сучаснай структуры навучальнай установы, дзякуючы творчаму выкарыстанню вопыту і энергіі пакалення папярэднікаў, адлюстроўваецца сёння ў вялікай колькасці цікавых з’яў, якія заўважаюцца не толькі ў вузкім абшары мастацкай графікі ў яе класічным разуменні, але таксама тых, што  вынікаюць з эксперыментаў і спроб пашырэння яе дэфініцыі, захопліваюць сучасныя тэхналогіі і закранаюць важныя і актуальныя праблемы, якія нясе з сабою сучаснасць. Здаецца, што дзякуючы гэтаму ўдалося пазбегнуць прадказваемай небяспекі выцяснення на другі план гэтай дысцыпліны як формы архаічнага выказвання і неадпавядаючай сённяшняй рэчаіснасці. Я думаю, мы маем дачыненне з процілеглай з’явай: дзякуючы інтэграванню асяроддзя графікаў, сканцэнтраваных вакол катавіцкай Акадэміі, узнік сапраўды моцны і дынамічны асяродак з умацаванай пазіцыяй у маштабе краіны, а таксама і па-за яе межамі. Пра гэта сведчаць хоць бы апошнія ўзнагароды, якія атрымлівае – што асабліва важна – малодшае пакаленне творцаў: студэнты, выпускнікі і педагогі. Немагчыма пералічыць тут усе месцы і мерапрыемствы, пазначаныя прысутнасцю катавіцкіх творцаў, таму я ўспомню пра шматлікія ўзнагароды і адрозненні, якія за апошнія некалькі год ім былі прызначаны, між іншым на міжнародных выставах у Кракаве, Лодзі, Варшаве, Арэнсе (Іспанія), Куэнцы (Іспанія), Каіры, Бітоле (Македонія), Кіоце (Японія), Сеуле (Паўдневая Карэя), Гуанлане (Кітай), Таяме (Японія) ці Тайпеі (Тайвань).

Варта таксама звярнуць увагу на вельмі істотны кантэкст месца, якое з’яўляецца натуральнай ці прыёмнай “малой радзімай”, у якой на той час развівалася гэта асяроддзе. Верхняя Сілезія – гэта рэгіён з вельмі складанай і цікавай, хаця і часта трагічнай гісторыяй, дзякуючы чаму стварае сёння вельмі дыферэнцыраваную тканку са своеасаблівай традыцыяй, вялікім патэнцыялам і сёння знаходзіцца перад чарговым выклікам азначэння сваёй ідэнтыфікацыі. Прысутны з нядаўняга часу ў шырокім разуменні вобраз гэтага месца звязаны з культурай вугля і цяжкай прамысловасцю, сёння, здаецца, вычарпаў сябе, хоць пакінуў шмат прыгожых сюжэтаў - узяць хаця б архітэктуру, якая стварае яго сучасны пейзаж. У дадзены момант перспектывы пашыраюцца, перш за ўсё, вакол развіцця культуры, што, з аднаго боку, дазваляе з надзеяй глядзець у будучае ў кантэксце стварэння прасторы і атмасферы, якая будзе спрыяць мастацкай актыўнасці ў рэгіёне, з другога – ставіць катавіцкую графіку сярод візітовак новага ўспрымання  ідэнтычнасці гэтага месца.

Стварэнне сінтэтычнага вобразу таго, што сёння ўплывае на характар Графікі, сканцэнтраванай вакол Катавіцкай акадэміі, звязана, перш за ўсё, з азначэннем спецыфікі гэтай з’явы ў спектры разнастайнасці пошукаў у кожным з яе шматлікіх абшараў. Бадай, найбольш характэрнай яе рысай з’яўляецца назіранне за суіснаваннем крайнасцей, ці хутчэй палярных пазіцый і мастацкіх выказванняў, якія функцыяніруюць  як на полі дыдактыкі, так і на мастацкай глебе. Канечне, стала існуе і істотны абшар дзейнасці, з павагай сягаючай да традыцыйнага графічнага майстэрства, якая з пурызмам ставіцца да класічных тэхнік. Каментарый сучаснасці, выражаны праз кантэкст такога медыума, нярэдка становіцца больш глыбокім і шматмерным,  становіцца каштоўнасцю, якую нельга пераацаніць. Аднак, вельмі многа цікавых з’яў можна таксама назіраць на стыку розных спосабаў і тэхнік выказвання, што ў апошні час з’яўляецца спецыяльнасцю катавіцкай графікі. Тут добра сумяшчаюцца выпуклы і лічбавы друк, глыбокі друк з поспехам выкарыстоўвае ўжо ў якасці асновы не толькі паперу, але і палатно, а інтэрмедыйная графіка – паверхню гарадской ратушы. Літаграфія выражаецца ў трэцім вымярэнні, светлавая анімацыя ўводзіць у транс сітадрукавыя вобразы.  Новыя тэхналогіі, якія выкарыстоўваюць лічбавыя матрыцы (!), стварылі новую, вельмі прывабную прастору для “асваення”, якая часта матэрыялізуецца па-за межамі друку.  Маштаб і інтэрмедыяльнае вымярэнне рэалізацыі раскрываюць невядомыя да гэтага часу магчымасці.

Здаецца, што апошняй умовай развіцця мастацкай графікі сёння з’яўляецца няспынны  перагляд абшару яе дзейнасці, што змушае пастаянна прыслухоўвацца да сучаснай рэчаіснасці і быць гатовым да творчага дыспуту з яе актуальным абліччам. Аднак гэта развіццё не ўспрымаецца – бо не можа - выключна лінейна як шэраг змяняючых адна адну з’яў, але больш як пашырэнне прасторы дзейнасці.

Гжэгаж Ханьдэрэк
Прафесар, Акадэмія Мастацтваў, г.Катавіцэ