падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Выстава "Маладая Польская Ілюстрацыя"

26 лiстапада 2015Мастацтва
Месца: Мінск, Галерэя “Акадэмія” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вул. Сурганава, 14

Польскі Інстытут у Мінску
Беларуская Дзяржаўная акадэмія мастацтваў
Кнігарня “логвінаЎ”

прадстаўляюць

Маладая Польская Ілюстрацыя

Агата Дудэк, Моніка Хануляк, Малгажата Новак

Выстава прысвечана 70 – годдзю Беларускай Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

 
Ілюстрацыя з’яўляецца для мяне абшарам памежным, неакрэсленым, невідавочным, а праз гэта цікавым і захапляльным. Полем, на якім сутыкаюцца розныя галіны мастацтва, праяўляюцца розныя віды адчувальнасці. Месцам, дзе выдатна пачуваюцца мастакі і дызайнеры.

Уменне маляваць, унікальны дызайн, адкрытасць да эксперыментаў, уменне ствараць прывабны графічны вобраз, і адначасова думкі пра адрасата, пра інтэграцыю вобразу з тэкстам, суцэльнасць ілюстрацыі ва ўсім праекце, або плыннасць аповеду малюнкамі. Усё гэта вядзе да таго, што ілюстрацыя з’яўляецца настолькі прывабнай, але і кідае выклік мастаку. Напэўна таму яна вабіць многіх студэнтаў, якія ахвотна прыступаюць да гэтай нялёгкай задачы. З аднаго боку, яна дае магчымасць прадэманстраваць больш крэатыўнасці і паказаць індывідуальныя мастацкія здольнасці студэнта, а з другога боку - гэта праект, прысвечаны пэўнаму адрасату, з усімі сваімі абмежаваннямі і патрабаваннямі. Ілюстрацыя рэдка выступае незалежна, толькі ў кантэксце яна можа цалкам сябе праявіць, без яго гэта толькі прыгожы малюнак. У сувязі з тэкстам яна набывае сімвалічнасць, інтэрпрэтуе сэнс тэксту, а часам паказвае яго другое дно. Добры ілюстратар апавядае гісторыю нароўні з аўтарам тэксту.

Ілюстрацыя заўсёды была нашым моцным пунктам, нават нацыянальным здабыткам. Нароўні з польскай школай плаката гэтая з’ява выйшла міжнародную арэну і пачувала сябе там вельмі добра. Да распаду выдавецкага рынку, які пасля 1989 заліла хваля кепскіх перадрукаў з захаду, змываючы на нейкі час нашае ўнікальнае становішча ў гэтай галіне. Нават калі з'яву польскай школы ілюстрацыі мы возьмем у катэгорыях пэўнага, скончанага ўжо сёння, гістарычнага перыяду, то вельмі здзіўляе, як недастаткова апісана гэтая вобласць. У той час, калі пра польскую школу плаката гавораць з гонарам, а часам нават даводзіцца ілюзія працягу яе існавання, то гэтаксама важная і каштоўная ілюстратарская традыцыя нашмат больш сціпла апісаная і прааналізаваная. Адзіная спроба шырокага аналізу і сістэматызацыі дадзенай тэмы была зроблена Анітай Вінцэнц’юш-Патынай у працы “Станцыя ілюстрацыя. Польская кніжная ілюстрацыя 1950-1980. Мастацкія творы і праекты” (Уроцлаў, 2008).

Апошнія некалькі год сітуацыя з польскай ілюстрацыяй выглядае добра, а нават вельмі добра. З’явілася новая хваля маладых, здольных і арыгінальных аўтараў. Усё больш каштоўных ілюстрацый мы бачым у каляровай прэсе, а кніга для дзяцей ізноў атрымоўвае міжнароднае прызнанне. Дастаткова прыгадаць, што цягам апошніх чатырох год польскія ілюстратары атрымоўвалі ўзнагароды Міжнароднага літаратурнага конкурса Bologna Ragazzi Award у катэгорыі non-fiction (двойчы Івона Хмялеўска, Марта Ігнерска і Уршуля Палюсіньска). Увесь ілюстратарскі і выдавецкі свет ведае, што гэтая ўзнагарода – гэта як ілюстратарскі Оскар.

Гэтаму трыумфальнаму вяртанню польскай ілюстрацыі на міжнародную арэну паслужыла прызнаная ў 2008 годзе Bologna Ragazzi Award для кнігі “Тувім. Вершы для дзяцей”, выдадзенай у “Wytwórni” - выдавецтве Магдалены Клос-Падсядла, якая зрабіла стаўку на арыгінальнасць і высокую якасць ілюстрацыі, тыпаграфіі і графікі кнігі. У праекце ўзяла ўдзел група маладых мастачак, звязаных з Варшаўскай акадэміяй выяўленчага мастатцва. Сярод іх была Моніка Хануляк, якая ўжо тады вылучалася выключнай дакладнасцю і яснасцю кампазіцыі, а таксама выдатным пачуццём дызайну, якія выразна бачны ў яе працах і сёння.

Усе тры ілюстратаркі, працы якіх прадстаўлены на выставе, былі звязаныя з майстэрняй прафесара Зыгмунта Янушэўскага, знакамітага педагога варшаўскай Акадэміі выяўленчага мастацтва, які цягам многіх гадоў кіраваў майстэрняй ілюстрацыі. Майстэрняй з багатымі традыцыямі, якой да Зыгмунта Янушэўскага кіраваў Януш Станны, а перад ім Ян Марцін Шанцэр. З яе выйшла шмат маладых, цікавых аўтараў, якія сёння задаюць тон сучаснай польскай ілюстрацыі. З увагай і задавальненнем я назірала за поспехамі яго студэнтаў. Дарэчы, ён і сам быў выдатным ілюстратарам, працаваў у Музеі карыкатуры і легніцкім “Сатырыконе”. Агата Дудэк, Моніка Хануляк і Маўгажата Новак належаць да маладога пакалення польскіх ілюстратарак і яскрава пазначаюць у ім сваю пазіцыю. Яны ілюструюць выдатныя кнігі, атрымоўваюць прэстыжныя ўзнагароды, а Дудэк і Хануляк выкладаюць ілюстрацыю у Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Варшаве.

Здаецца, польская ілюстрацыя ізноў пачуваецца вельмі добра, але нам яшчэ далёка да самых лепшых замежных выдавецкіх рынкаў, а поспех з’яўляецца ўдзелам некалькіх з мноства людзей, якія імкнуцца прабіцца на рынку. Ілюстратаркі, якія прымаюць удзел у выставе, несумненна, дасягнулі яго і аказваюць уплыў на яго далейшае развіццё, навучаючы новых людзей, якія хочуць стаць ілюстратарамі. Я жадаю ім чарговых прафесійных поспехаў, дзякуючы якім паліцы дзіцячых бібліятэк запоўняцца выдатнымі, прыгожымі кніжкамі, што радуюць не толькі дзетак, але і дарослых, якія, трымаючы кнігу з добрымі ілюстрацыямі, адчуваюць шчырую дзіцячую радасць.

Анна Махвіц
мастацтвазнаўца
 
Адкрыццё выставы а 17-ай гадзіне
УВАХОД ВОЛЬНЫ