падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Выстава “Майстры польскага малюнка”,

5 кастрычнiка - 19 лiстапада 2017Мастацтва
Месца: Гомель, Палац Румянцавых і Паскевічаў, пл. Леніна, 4

Падляшскі музей у Беластоку, Акружны музей у Сувалках, Польскі Інстытут у Мінску і Гомельскі палацава-паркавы ансамбль маюць гонар запрасіць на вернісаж выставы “Майстры польскага малюнка”, які адбудзецца 5 кастрычніка 2017 года а 16-й гадзіне ў Палацы Румянцавых і Паскевічаў (Гомель, пл. Леніна, 4)
 

Упершыню ў Гомелі будзе прадстаўлена больш за 300 графічных твораў польскіх мастакоў XIX–XX стагоддзяў. Сярод аўтараў – вялікія майстры польскага мастацтва – Юліюш Косак (1824–1899), Ян Матэйка (1838–1893), Міхал Элвіра Андрыёлі (1836–1893), Максіміліян Герымскі (1846–1874), Альфрэд Веруш-Кавальскі (1849–1915), Станіслаў Віткевіч (1851–1915), Лявон Вычулкаўскі (1852–1936), Станіслаў Ігнацы Віткевіч «Віткацы» (1885–1939), Альфонс Карны (1901–1989) і інш. Выставу адрознівае багатая жанравая разнастайнасць экспанатаў. У экспазіцыі прадстаўлены партрэты і карыкатуры, пейзажы і жанравыя замалёўкі, гістарычныя сцэны і фантасмагорыі.

Асаблівай увагі заслугоўваюць тры малюнкі аднаго з найбуйнейшых гістарычных жывапісцаў XIX стагоддзя – Яна Матэйкі, сярод якіх накід кампазіцыі «Прадстаўленне Барбары Радзівіл польскай шляхце»; «Пейзаж» Максіміліяна Герымскага; накіды, эскізы і малюнкі Станіслава Віткевіча і яго сына і вучня, аднаго з самых яркіх прадстаўнікоў мастацтва Другой Рэчы Паспалітай (1918–1939) Станіслава Ігнацы Віткевіча (Віткацы). Значную частку выставы складаюць яркія прыклады карыкатуры, мастацтва якой атрымала асаблівае прызнанне ў XIX стагоддзі. Гэта вострыя па сваіх характарыстыках і вельмі пластычныя ў графічным вырашэнні карыкатуры Чэслава Садоўскага (1902–1959), дабрадушныя шаржы Юзафа Бліхарскага (1886–1941), напоўненыя мяккім гумарам гратэскі Альфрэда Веруш-Кавальскага. На выставе прадстаўлены выдатныя ўзоры жанру партрэта: «Партрэт Станіслава Віткевіча» Антонія Піятроўскага (1853–1924), «Партрэт Людвіка Гераніма Морштына» Людаміра Сляндзіньскага (1889–1980), «Партрэт Аляксандра Мана» Зыгмунта Бадоўскага (1875–1959) (1894) і Густава Пілаці (1874–1931) (1911), а таксама аўтапартрэты Браніслава Вішнеўскага (1866–1939), Тадэвуша Болаза (1910–1992), Чэслава Садоўскага.
 
Станіслаў Віткевіч. 1851–1915. Вёска. Папера, аловак
З калекцыі Падляшскага музея ў Беластоку
 
Экспазіцыя выставы не толькі знаёміць з вельмі цікавым матэрыялам – творамі вядомых польскіх мастакоў, але і з’яўляецца прэзентацыяй Падляскага музея ў Беластоку* і Акруговага музея ў Сувалках**, размешчаных у Падляскім ваяводстве, бліжэйшым (разам з Люблінскім) па суседству з Беларуссю.
 
Вікенцій Леапольд Сляндзіньскі. 1837–1909. Маладая вясковая маці. 1874. Папера, аловак
З калекцыі Падляшскага музея ў Беластоку

*Падляскі музей у Беластоку – самая буйная музейная ўстанова ў Падляскім ваяводстве. Ён быў створаны ў 1949 годзе і ў цяперашні час, акрамя экспазіцыі ў Ратушы ў Беластоку (галоўны будынак), мае шэсць філіялаў: Гістарычны музей, Музей скульптуры Альфонса Карнага, Музей у Тыкаціне (Вялікая сінагога), Музей палацавых інтэр’ераў у Хорашчы, Музей у Бельску-Падляскім і Музей абразоў у Супраслі. Калекцыю Падляскага музея складаюць зборы археалагічных помнікаў і выяўленчага мастацтва, якая ўключае творы знакамітых польскіх мастакоў, такіх як Яцэк Мальчэўскі, Вольга Базнаньская, Станіслаў Ігнацы Віткевіч, Ян Цыбіс і Аляксандр Штурман, а таксама работы майстроў віленскага мастацкага роду Балзукевічаў – Ёзэфа і Луцыі. Значную частку калекцыі складае збор друкаванай графікі і малюнка.

**Акруговы музей у Сувалках быў заснаваны ў 1956 годзе. У калекцыі музея прадстаўлены зборы выяўленчага мастацтва, гісторыі, археалогіі і этнаграфіі. Аснову калекцыі выяўленчага мастацтва складаюць творы польскіх мастакоў другой паловы XIX стагоддзя, звязаных з мастацкімі коламі Мюнхена, у тым ліку багаты збор жывапісных і графічных работ Альфрэда Веруш-Кавальскага, ураджэнца Сувалак. Філіяламі музея з’яўляюцца Музей імя Марыі Канапніцкай (заснаваны ў 1973) і Цэнтр сучаснага мастацтва – Галерэя Анджэя Струмілы (заснавана ў 2008).

Выстава працуе з 5.10 да 19.11.2017
Час працы касы: 11.00 – 18.30, субота і нядзеля: 10.00 – 17.30
выхадны: панядзелак