падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Выстава “Напалеон Орда (1807-1883). Ілюстраваная Энцыклапедыя Краіны”

15 верасня - 3 снежня 2017Мастацтва
Месца: Мінск, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, вул. Леніна, 20

 
 
Выстава “Напалеон Орда (1807-1883). Ілюстраваная Энцыклапедыя Краіны” прэзентуе 110 прац выбітнага творцы эпохі рамантызму ў найважнейшай музейнай установе Беларусі – Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у Мінску.

Выстава будзе важнай і надзвычай прэстыжнай культурнай падзеяй. Гэта – першая настолькі комплексная прэзентацыя прац мастака, падрыхтаваная Фондам культурнай спадчыны ў супрацоўніцтве з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным музеем у Кракаве і Польскім Інстытутам у Мінску. Арганізацыя выставы прац Напалеона Орды будзе не толькі папулярызацыяй даробку мастака, але таксама спробай павышэння чуйнасці беларускай аўдыторыі да пытанняў захавання і абароны аб’ектаў польскай культурнай спадчыны ў Беларусі, усё часцей вызначаных праз катэгорыю супольнай спадчыны.

Напалеон Орда (1807-1883) – піяніст, кампазітар, але перш за ўсё жывапісец і графік. У 1872-83 гадах ён здзейсніў некалькі дзясяткаў падарожжаў па колішніх усходніх землях Рэчы Паспалітай, галоўным чынам, па Беларусі, стварыўшы больш за 1000 малюнкаў.
 

Гродна, панарама гораду, 1860-1877, Гродзенская папка. Аловак, акварэль, папера, 19,2 × 52,2 см

У яго творчым даробку многа краявідаў, у якіх знайшлі адлюстраванне месцы, гістарычна і эмацыянальна важныя як для палякаў, так і для беларусаў. Мастак не абмяжоўваўся толькі сакральнай, рэпрэзентатыўнай архітэктурай ці маляўнічымі руінамі, але ўвекавечваў таксама – што на той час было поўнай супярэчнасцей навінкай – прамысловыя аб’екты: фабрыкі, цукраварні ці млыны і валюшы.

У сваіх працах творца засяроджваўся на рэалізме прадстаўлення, пільна прытрымліваючыся дакладнасці ў перадачы ўсіх дэталей. Дзякуючы такім прынцыпам, і перш за ўсё дакументальнаму характару сваіх прац, малюнкі і акварэлі Орды сёння з’яўляюцца каштоўным іканаграфічным і мастацкім матэрыялам, які нясе ў сабе адбітак гісторыі земляў, што некалі былі адной дзяржавай.
 

Мір. Руіны замка Радзівілаў – выгляд з боку ракі Міранка, 1864-1876. Мінская папка. Аловак, акварэль, папера, 20,9 × 30,5 см

Выстава пакажа таксама ўжо зніклыя месцы, помнікі архітэктуры і іх страчанае хараство, дасць магчымасць непаўторнай сентыментальнай вандроўкі ў мінуўшчыну і, адпаведна, пазнаёміць з нашай супольнай гісторыяй.

Выбар прац на выставе не будзе абмежаваны агульна асацыяванымі з творчасцю Напалеона Орды краявідамі маёнткаў, экспазіцыю ўзбагацяць менш вядомыя віды гарадоў памежных тэрыторый, тамтэйшых фабрык, вакзалаў, могілак, школьных будынкаў, фальваркаў.

У 2017 годзе мы адзначаем 210 год са дня нараджэння Напалеона Орды, і гэта дасканалая нагода і дадатковы аргумент на карысць паказу яго прац у Беларусі – у краіне, дзе мастак нарадзіўся і куды выпраўляўся ў свае мастацкія вандроўкі.
 

Полацк. Манастыр на Верхнім замку і сабор Св. Сафіі – выгляд з боку ракі Дзвіны,
1875-1876.
Віцебская папка. Аловак, акварэль, папера, 20,4х27,5 см
 
Нацыянальны музей у Кракаве прадставіць сваю калекцыю малюнкаў і акварэлей Напалеона Орды. У 1886 годзе сям’я мастака перадала ў кракаўскі музей 1027 яго прац, дзякуючы гэтаму ўстанова валодае найбагацейшым і найбольш рэпрэзентатыўным зборам яго твораў.
 
Адкрыццё выставы 15 верасня а 18-ай гадзіне