падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Выстава “Светлае Свята Раства” мастачкі Валянціны Шоба

14 студзеня 2010Мастацтва
Месца: Мінск, Нацыянальны гістарычны музей РБ, вул. К.Маркса, 12

14 студзеня 2010 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь сумесна з Польскім Інстытутам у Мінску адкрываецца выстава “Светлае Свята Раства” мастачкі Валянціны Шоба.
 
В. Шоба "Поўня", 2008, змешаная тэхніка
 

В. Шоба "Сільвестэр", 2008, змешаная тэхніка
         
  Раство — свята, у якім аб'ядноўваюцца язычніцкая і хрысціянская традыцыі ў агульнай, вечнай чалавечай і Боскай мудрасці. Гэта свята ўвасабляе ўяўленні пра аднаўленне жыцця прыроды і духоўнае адраджэнне чалавецтва.
          Людзі ў гэты дзень услаўляюць Нараджэнне Хрыста і з'яўленне новага свету — свету дабрыні і надзеі. Бог паслаў Свайго Сына на зямлю, каб збавіць людзей ад граху, дараваць сэрцу чалавека спакой, а яго бессмяротнай душы – надзею на выратаванне для вечнага жыцця. Свята Нараджэння Хрыстова — гэта свята міру чалавецтва з Богам, спагады паміж людзьмі і чалавека з самім сабой. Гэта нараджэнне вечнага, духоўнага, незаходзячага сонца.
          Выстава “Светлае Свята Раства” мастачкі Валянціны Шоба прысвечана менавіта гэтаму святу – святу Раства. Больш за 30 работ, выкананых у змешанай тэхніцы, адлюстроўваюць духоўнасць і любоў, магічнасць і казачнасць, спакой і спагаду атмасферы свята.
          Мастачка нарадзілася ў горадзе Мозыр Гомельскай вобласці. Жыве і працуе ў Гродне. Пасля заканчэння Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка паступіла ў 1989 годзе ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, аддзяленне графікі. Вучылася ў прафесара В.Шаранговіча, прафесара У.Савіча.
          З 1985 года Валянціна Шоба пачала ўдзельнічаць у выставах. З’яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў. Адзначана прэміяй за лепшую працу года ў галіне графікі (1992 г.), заахвочвальнай прэмія на выставе моладзі «Час, асоба, прастора» (1998 г.), узнагароджана медалём за дасягненні ў выяўленчым мастацтве (1998 г.), прэміяй «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва» імя А. Дубко (2004 г.). Працы мастачкі знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.