падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Выстава "Томаш Кукаўскі. Графіка"

25 лютага 2015Мастацтва
Месца: Віцебск, Арт-цэнтр Марка Шагала, вул. Путна, 2

Адкрыццё выставы "Томаш Кукаўскі. Графіка" адбудзецца 25 лютага 2015 г. а 16-й гадзіне ў Арт-цэнтры Марка Шагала.
 
 
На найноўшай выставе ў Цэтры мастацтва Марка Шагала ў Віцебску будуць прэзентаваны 27 прац графіка Томаша Кукаўскага. Народжаны ў 1964 годзе мастак дзесяцігоддзе, прысвечанае вышэйшай адукацыі, падзяліў на палову паміж навучаннем на Факультэце архітэктуры Беластоцкай політэхнікі (1982-1987) і на Факультэце графікі Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Варшаве (1987-1991), скончыўшы апошняе з адзнакай у майстэрні станкавай графікі праф. Рамана Артымоўскага. Больш за 25 год займаецца архітэктурай, дызайнам інтэр’ера і мэблі, графічным дызайнам, жывапісам, рысункам, а асабліва мастацкай графікай. Столькі ж часу займаецца дыдактыкай, ён з’яўляецца прафесарам на Кафедры мастацтва на Факультэце архітэктуры Беластоцкай політэхнікі. Ужо сем год кіруе там Майстэрняй станкавай графікі на кірунку “Графіка”.
 
“Розныя прасторы ІІ”

На экспазіцыі ў Віцебску будуць прадстаўлены выбраныя каляровыя графічныя працы за апошнія 18 год творчай працы. У гэты перыяд мастак эксперыментаваў з усімі групамі графічных тэхнік, як спалучаючы іх паміж сабой, так і выкарыстоўваючы кожную асобна. Ён апрацаваў аўтарскую тэхналогію друку ў тэхніцы калаграфія – і менавіта гэты метад шырокага спалучэння розных тэхнік з’яўляецца майстэрсікм ядром прэзентаваных графічных прац. Што такое калаграфія і інтагліа? Гэта мала хто ведае. Справа ў тым, што гэтыя назвы гучаць даволі эзатэрычна, каб самі па сабе дастаткова дапасоўваліся да містычнай тэматыкі яго эмацыянальных прац. Ён па-майстэрску працуе з формай, колерам і святлом. Яго графікі выкананыя з дакладнай руплівай увагай да дэталяў, што не перашкаджае ў перадачы настраёвай лёгкасці і каларыстычнай адмысловасці.
 
“Розныя прасторы ІІІ”

Архітэктурная адукацыя і вопыт графіка непарыўна сплятаюцца ў адно імкненне мастака знайсці гармонію і прыгажосць у вобразе. Свет яго кампазіцый нясе на сабе адбітак рэальнасці, пэўным чынам адчувальнай і трохмернай. У ёй ёсць блізкі і далёкі план, некаторыя аб’екты нават адкідаюць цені, прапануючы канкрэтную крыніцу святла. Аднак, перш за ўсё гэта свет архетыпічных, культурных сімвалаў, уяўленняў і схаванага за імі сэнсу, прызваных дзеля стварэння ментальнай рэчаіснасці. Аднак гэта абсалютна новая рэчаіснасць. Ён выкарыстоўвае перш за ўсё сутыкненне батанічных форм з формамі са свету геаметрыі. Спосаб іх апрацоўкі, тым не менш, не дазваляе аб’ядноўваць гэтыя кампазіцыі з “халоднай” абстракцыяй – мастак прапануе візуальнае напружанне паміж крайнасцямі, якія маюць для яго рэфлексійную велічыню. Гэта “забава” паміж перададзенай на адбітках фактурай і колерам. Такое жангліраванне сродкамі выражэння ў выпадку традыцыйнай станкавай графікі вымагае надзвычайнай спрытнасці, цярпення і велізарнай настойлівасці ў імкненні да атрымання жаданага канчатковага выніку.
 
“Шэсць з дванаццаці”

Кукаўскі пра свае працы:
“Для мяне графіка здаўна была алхіміяй, дысцыплінай, што спалучае брутальнасць з дэлікатнасцю – брутальнасць у сэнсе трактоўкі матэрыялу матрыцы ў спалучэнні з дэлікатнасцю формы і думкі на паперы, якія пры шматгадовых практыкаваннях давалі каштоўны сплаў. Між іншым, менавіта з гэтай прычыны на падставе падзенняў і ўзлётаў у працэсе стварэння я разумею, што працаваць можна толькі ў майстэрні, што мусіць быць адчувальны, фізічны кантакт паміж мною і рабочымі інструментамі, фарбай, матрыцай. Мусіць быць стол, папера, фарбы, пэндзлі, кардон і бляхі, куча інструментаў і ануч, музыка, шмат музыкі, кубкі ад кавы, пах фарбы, дэнатураванага спірта, газы і шкіпінара. У гэтай працы вельмі многа фізічнай нагрузкі, зрэшты, як і ў любой іншай творчасці, якую звычайна лічаць плодам таленту, працай духу і натхнення. Мастацтва існуе дзеля таго, каб выражаць тое, што інакш выразіць немагчыма”.
 
“У, паміж, за”
 
“Другое падзенне”
 
„XXX”