падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Фільм "Пан Тадэвуш" (1928 г.)

15 снежня 2018Кiно
Месца: Мінск, Кінатэатр "Масква"

Да 100-годдзя аднаўлення незалежнасці Рэспублікі Польшча і 220-ГОДДЗЯ АДАМА МІЦКЕВІЧА. 

15 снежня 2018 года праект «Кінямо» пры ўдзеле Польскага інстытута ў Мінску прадставіць у кінатэатры «Масква» спецыяльны паказ кінаэпапеі Рышарда Ардынскага «Пан Тадэвуш», прымеркаваны да святкавання 220-годдзя Адама Міцкевіча. Першая поўнамаштабная адаптацыя аднайменнай паэмы, якая выйшла на экраны ў 1928 годзе, будзе дэманстравацца ў рэстаўрыраванай версіі пад акампанемент сімфанічнага аркестра і хору музычнай капэлы «Санорус». За дырыжорскі пульт пры гэтым устане аўтар новага музычнага суправаджэння да фільма, кампазітар Канстанцін Яськоў.

ПАН ТАДЭВУШ

Пераносячы шэдэўр Адама Міцкевіча на экран, сцэнарысты Анджэй Струг і Фердынад Гётэль сумесна з рэжысёрам Рышардам Ардынскім вырашылі аформіць серыю жывых карцін у стылі малюнкаў вядомага ілюстратара Міхала Эльвіра Андрыёлі, чаргуючы іх з вялікай колькасцю інтэртытраў — фрагментаў арыгінальнага тэксту. Да працы над фільмам былі прыцягнутыя лепшыя кансультанты па інтэр'еры, касцюмах і рэквізіту, а натурныя здымкі вяліся ў Навагрудскім павеце, у маёнтку Чомбраў на возеры Свіцязь, і ў Мірскім замку.

Урачыстая прэм’ера фільма «Пан Тадэвуш», прымеркаваная да 10-й гадавіны аднаўлення незалежнасці Польшчы, адбылася ў Варшаве 9 лістапада 1928 года ў прысутнасці дзяржаўных дзеячаў (сярод якіх былі прэзідэнт Ігнацы Масціцкі і маршал Юзаф Пілсудскі) і дыпламатаў. Стужка карысталася вялікім поспехам у сталіцы і атрымала нямала станоўчых водгукаў.

Падчас Другой сусветнай вайны фільм быў згублены. У 50-я гады былі знойдзены некалькі ўрыўкаў агульнай працягласцю 42 хвіліны. У 2006 годзе ва Ўроцлаве знайшліся чарговыя фрагменты. У суме па гэтых знаходках Нацыянальнаму кінаархіву ў Варшаве ўдалося аднавіць 120 хвілін фільма (першапачатковы хранаметраж складаў 3 гадзіны). Прэм’ера рэстаўрыраванай версіі адбылася ў 2012 годзе ў варшаўскім кінатэатры «Ілюзіён».

КАНСТАНЦІН ЯСЬКОЎ

Кампазітар, аранжыроўшчык, дырыжор. Аўтар камерных, сімфанічных, вакальна-інструментальных і харавых музычных твораў, шматлікіх апрацовак, пералажэнняў, інструментовак, аранжыровак у розных жанрах і стылях, музыкі да тэатральных пастановак, кіно, спецыяльных мастацкіх і фестывальных праектаў. Арганізатар і суарганізатар праектаў, канцэртаў, фестываляў сучаснай музыкі і сучаснага мастацтва. Стала супрацоўнічае з Польскім інстытутам у Мінску ў галіне арганізацыі і правядзення польска-беларускіх музычных творчых праектаў.

КІНЯМО

«Кінямо» — адзіны ў Беларусі open air фестываль, у рамках якога дэманструюцца нямыя фільмы класікаў сусветнага кінематографа, агучаныя сучаснымі музыкамі і кампазітарамі. Апроч сезонных паказаў пад адкрытым небам фестываль на працягу года арганізуе спецыяльныя паказы нямога кіно з жывой музыкай на розных пляцоўках. Фестываль заснаваны праектам Cinemascope і Асацыяцыяй маладых беларускіх кампазітараў.

Пачатак у 19:00. Квіткі можна набыць у касе кінатэатра і анлайн.

Кінатэатр «Масква»: г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 13 (ст.м. «Няміга»)

Паказ арганізаваны пры ўдзеле Польскага інстытута ў Мінску і Нацыянальнага кінаархіва ў Варшаве.