падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

"Сон пра Варшаву"

15 лютага 2019Кiно
Месца: Мінск, К/т "Цэнтральны" (пр-т Незалежнасці, 13)

15 лютага 2019 г. (пятніца) а 17-ай гадзіне ў кінатэатры “Цэнтральны” (г. Мінск, пр-т. Незалежнасці, 13) адбудзецца паказ дакументальнага фільма польскага рэжысёра Кшыштафа Магоўскага
“СОН ПРА ВАРШАВУ” (Польшча, 2014 г.)

Уваход па запрашэннях.

Спецыяльны паказ поўнаметражнай біяграфічнай дакументальнай стужкі “Сон пра Варшаву” польскага рэжысёра Кшыштафа Магоўскага прысвечаецца 80-годдзю з дня нараджэння Чэслава Немэна – куміра многіх пакаленняў, кампазітара, вакаліста, паэта, які стварыў свой непаўторны музычны свет і стаў сімвалам цэлай эпохі ў гісторыі музыкі. 

Чэслаў Юліюш Выджыцкі (творчы псеўданім Чэслаў Немэн) нарадзіўся ў вёсцы Старыя Васілішкі (цяпер Шчучынскі раён, Гродзенская вобл.) 16 лютага 1939 г. Тут прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады да ад'езду сям'і Выджыцкіх у Польшчу ў 1958 годзе. У 2010 г. у Старых Васілішках адкрыўся музей Чэслава Немэна - адзіны ў свеце музей рок-музыканта ў яго родным доме.
Фільм «Сон пра Варшаву» быў створаны ў 2014 годзе, у 10-ую гадавіну смерці легендарнага артыста, які памёр у студзені 2004 года. У фільме выкарыстана шмат раней невядомых архіўных матэрыялаў, якія праліваюць новае святло на жыццё Чэслава Немэна. Пра гэта маляўніча расказваюць члены яго сям'і, сябры-музыканты, музычныя крытыкі і журналісты – агулам больш за 50 асобаў – і ўсё гэта на фоне культурнай палітыкі Польскай Народнай Рэспублікі, адказнай за зменлівасць яго кар'еры ў залежнасці ад сімпатыі тагачасных уладаў і крытыкі.

Фільм насычаны музыкай Немэна, які па апытаннях штотыднёвіка «Палітыка» ў 1999 годзе быў абвешчаны Музыкантам Усіх Часоў. Гэта быў чалавек-установа, адзін з нямногіх, хто бесперапынна ствараў  для чатырох пакаленняў палякаў. Яго творчасць не толькі з'яўляецца канонам польскай песні і вечным натхненнем для маладых артыстаў, яна ўзвяла папулярную музыку ў ранг сапраўднага мастацтва і ўрасла ў польскую поп-культуру . Фільм К. Магоўскага пачынаецца са сцэны, калі са стадыёна клуба «Легія Варшава» разносіцца харавы спеў заўзятараў: «Я маю таксама, як ты, мой горад, а ў ім: найпрыгажэйшы мой свет, найпрыгажэйшыя дні...».

Аматары музыканта прыгадаюць сабе яго самыя вядомыя хіты, а старэйшыя гледачы – сваю маладосць.

Фільм дэманструецца на беларускай мове