падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Выстава кінаплакатаў “Кесьлёўскі па-новаму»

3 красавiка - 7 мая 2017Кiно
Месца: Мінск, Музей гісторыі беларускага кіно, Мінск, вул. Свярдлова, 4

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
Музей гісторыі беларускага кіно
Музей кінематаграфіі ў Лодзі (Польшча)
Польскі Інстытут у Мінску

З 3 красавіка да 7 мая ў Музеі гісторыі беларускага кіно (філіяле ДУ «Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь») будзе працаваць выстава кінаплакатаў Анджэя Пангоўскага “Кесьлёўскі па-новаму»  - да фільмаў знакамітага польскага кінарэжысёра Кшыштафа Кесьлёўскага.
 

Анджэй Пангоўскі – адзін з самых вядомых стваральнікаў плаката. Значная частка з яго звыш 1200 прац – гэта кінаплакаты, якіх ён ствараў звыш 450  (у тым ліку каля 150 для польскіх фільмаў). Такой колькасцю не можа пахваліцца ні адзін іншы майстар. Сярод работ, выкананых для польскіх рэжысёраў, яго плакаты да самых выбітных твораў польскага кіно, у тым ліку «Чалавек з жалеза», «Выпадак», «Мішка», «Правінцыйныя акцёры», «Стан страху», «Залікоўка», «Канаплянка» і многія іншыя.

Пасля стварэння ў 1979 г. плаката да фільма «Кінааматар» Кшыштафа Кесьлёўскага пачалося пастаяннае супрацоўніцтва Пангоўскага з Кесьлёўскім. З тых часоў мастак праектаваў плакаты для ўсіх фільмаў рэжысёра. Апошнім стаў плакат да фільма «Сіні». У 1989 г. сам Кесьлёўскі пісаў у каталогу да выставы Пангоўскага «Горад плакатаў» у варшаўскай галерэі «Захэнта» – «...Гэта не ўсё роўна – хто робіць плакат. Адным я давяраю – калі ён зрабіў плакат, я спрабую здабыць білет. Да іншых даверу ў мяне няма – мне ўсё роўна, што ім падабаецца…». Мабыць, Пангоўскаму ён давяраў, таму што супрацоўніцтва паміж двума аўтарамі доўжылася доўгія гады. Яго вынікам стала з'яўленне цэлай серыі плакатаў, якія сталі ўжо культавымі, у тым ліку да фільмаў «Кінааматар», «Выпадак» ці «Кароткі фільм пра каханне».

З нагоды 20-й гадавіны з дня смерці рэжысёра Анджэй Пангоўскі ўзяўся за незвычайную справу – праз многія гады ён вярнуўся да тых жа фільмаў. Ён прагледзеў іх яшчэ раз, цяпер ужо з вышыні вопыту перажытых гадоў. Калі ён ствараў плакат да «Кінааматара», яму было 26 гадоў, а да фільма «Сіні» – 40. Сёлета аўтару споўнілася 63. Ён зусім па-іншаму прачытаў тыя ж фільмы і па-іншаму спраектаваў свае працы. Ён заўважыў акцэнты, якія калісьці былі для яго незаўважнымі.

Узнікае пытанне: ці мае ўзрост аўтара плакатаў уплыў на сімвалы, якія ён выкарыстоўвае, ці ўплывае ён на поўнае разуменне і перажыванне наноў прагледжаных фільмаў?

Праект, які прадугледжвае стварэнне юбілейных плакатаў, быў істотна пашыраны. Калекцыя ўключае 45 плакатаў да ўсіх фільмаў рэжысёра К. Кесьлёўскага, уключаючы кароткаметражныя і дакументальныя фільмы, а таксама ўвесь «Дэкалог».

Падтрымку ў рэалізацыі праекта аказала Кінастудыя «Тор». Суарганізатарам выставы з'яўляецца Музей кінематаграфіі ў Лодзі.
 
Выставу можна наведаць штодня з 10:00 да 19:00 (уваход да 18-30)
 
Музей гісторыі беларускага кіно;
г. Мінск, вул. Свярдлова, 4;
тэл. 327-10-75 / 8029 627-10-75