падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Мемарыяльная выстава “ПОМНЮ. КАТЫНЬ 1940”

5 кастрычнiка 2010Гісторыя
Месца: Віцебск, Абласны краязнаўчы музей, вул. Леніна, 36

Выстава прадоўжыцца да 7 лістапада 2010 г.
 
 
 
Катынскае злачынства
Катынь для ўсіх палякаў – сімвал злачыннай палітыкі савецкага рэжыму ў дачыненні да польскага народа. У польска-савецкіх адносінах 1917-1991 гг. Катынь стала кульмінацыйным момантам. “Катынскае злачынства” – гэта ўмоўнае паняцце, якое адносіцца да аднаго з месцаў знішчэння польскага кіраўніцтва падчас другой сусветнай вайны, выяўленае у Катынскім лесе пад Смаленскам.
 
Катынскае злачынства – гэта арганізаваная савецкімі ўладамі ўтоеная акцыя па ліквідацыі каля 22 тысяч польскіх грамадзян, якія пасля захопу Чырвонай Арміяй 17 верасня 1939 года тэрыторый Польшчы патрапілі ў палон ці былі арыштаваны. У адпаведнасці з тайным рашэннем Палітбюро Цэнтральнага камітэта ўсесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў) ад 5 сакавіка 1940 г., стрэлам у патыліцу было забіта каля 15 тысяч палонных, якія да гэтага часу ўтрымліваліся ў спецыяльных лагерах НКУС у Казельску, Асташкаве і Старабельску, а таксама 7 тысяч чалавек, якія знахадзіліся ў турмах заходніх абласцей украінскай і беларускай рэспублік, г.зн. на тэрыторыі ўсходняй Польшчы, якая ўвайшла ў 1939 г. у склад Савецкага Саюза.
 
Ахвярамі сталі, перш за ўсё, вядомыя прадстаўнікі польскага народа: афіцэры польскай арміі і паліцыі, чыноўнікі дзяржаўнай адміністрацыі і прадстаўнікі інтэлектуальнай і культурнай эліты Польшчы. Усіх загінуўшых пахавалі ў безіменных брацкіх магілах мінімум ў пяці месцах на тэрыторыіі Савецкага Саюза. Палонных з трох спецыяльных лагераў НКУС транспартавалі цягнікамі ў красавіку-маі 1940 г. на месца экзэкуцыі: да Катыні (лагер у Казельску), Калініна (лагер у Асташкаве), Харкава (лагер у Старабельску). Забітыя ў Калініне (зараз – Цвер) былі закапаны ў населеным пункце Меднае. Астатнія ўтрымлівалася ў турмах і там гінулі, месца іх пахавання да гэтага часу не высветлена; вядома пра два месцы ў Беларусі і на Украіне (Курапаты пад Мінскам і Быкоўня пад Кіевам).
 
Пасля пачатку нямецка-савецкай вайны і ўстанаўлення афіцыйных адносін паміж польскім урадам у выгнанні і ўрадам Савецкага Саюза летам 1941 г., улады СССР не передалі палякам, нягледзячы на ўсе намаганні, якой-небудзь інфармацыі пра “згінуўшых без весткі”. СССР разарваў адносіны з Польшчай у красавіку 1943 г., калі нямецкая армія, раскватэраваная ў раёне Смаленска, выявіла пахаванне ў катынскім лесе і разгарнула агітацыю супраць СССР. Савецкія ўлады абвінавацілі ў гэтым злачынстве немцаў, быццам бы яны расстралялі палякаў пасля таго, як занялі гэтую тэрыторыю ў 1941 г. Сталін на падставе «паклёпу ў адрас СССР» спыніў адносіны з польскім урадам у выгнанні (у Лондане).
 
«Катынская» справа доўгі час была адной з найбольш ахоўваемых таямніц Крамля. Пасля заканчэння II сусветнай вайны падчас Нюрнбергскага працэсу ў Савецкага Саюза не атрымалася перакласці віну за гэтае злачынства на немцаў, савецкія ўлады насуперак фактам прынялі тактыку «катынскай хлусні»: савецкі народ не мае ніякага дачынення да забойства польскіх афіцэраў – ва ўсім вінаваты нямецкі фашызм ...
 
Катынскае злачынства не было адзінкавым выпадкам. Яно стала наступствам адрозненняў у палітычным ладзе, імкнення СССР стварыць дзяржаву сусветнага пралетарыяту, а таксама ўзрастаючай варожасці паміж савецкай Расіяй і даваеннай Польшчай. Пасля польска-бальшавіцкай вайны ў 1920 г., якая прынесла перамогу палякам, Саветы вымушаныя былі надоўга развітацца з экспартам рэвалюцыі на Захад, а самога Сталіна крытыкавалі за памылкі, дапушчаныя на польскім фронце, савецкія ўлады прызналі ў заходнім суседзе класавага ворага. У перыяд вялікага тэрору ў СССР у 1937-1938 гады, накіраванага на знішчэнне тлеючага па ўсёй Расіі бунту супраць бальшавікоў, асабліва жорсткім праследаванням падвергнулася польская дыяспара. У тыя часы было расстраляна больш за 70 тысяч палякаў (савецкіх грамадзян). Кожная дзесятая ахвяра вялікага тэрора была звязаная з Польшчай. У гэты час быў дапрацаваны механізм масавай экстэрмінацыі. Калі ў верасні 1939 года Сталін пасля пагаднення з Гітлерам напаў на аслабленую вайной з немцамі Польшчу, адной з яго мэт было знішчэнне польскай дзяржаўнасці. З першых дзён савецкай агрэсіі паслядоўна былі ізаляваны (альбо забіты на месцы) прадстаўнікі кіруючага складу захопленнай дзяржавы, асабліва афіцэры. Можна выказаць здагадку, што савецкія ўлады першапачаткова запланавалі іх сістэматычную ліквідацыю - таксама, як і нацысты ў «сваёй» частцы акупіраванай Польшчы. У дачыненні да арыштаваных не ўжывалася міжнароднае права, таму пазней савецкія ўлады так старанна хавалі свае злачынствы.
 
Пасля разрыву адносін з Польшчай ў 1943 годзе, а затым захопу яе тэрыторыі ў 1944-1945 гг. Савецкі Саюз аж да 80-х гадоў падпарадкоўваў сабе краіну, якую ўзначальвала марыянетачнае кіраўніцтва, што залежала ад камуністычнай імперыі. У гэты перыяд патрабаванне праўды пра «Катынь» успрымаліся як варожае не толькі ў дачыненні да СССР, але і Польскай Народнай Рэспублікі. Пасляваенная Польшча змушаная была гуляць па стратэгіі «катынскай хлусні» .
 
Пасля змены рэжыму ва ўсім савецкім блоку (1989-1991) патрабаванні аднавіць гістарычную праўду аб «Катыні» з'явіліся і ў расійскім асяроддзі. Многія расіяне дапамагалі ў расследаванні гэтага злачынства. У 1990-1992 гады былі апублікаваны галоўныя «катынскія» дакументы, у тым ліку рашэнне ЦК ВКП (б) ад 5 сакавіка 1940 года, падпісанае ў прыватнасці Сталіным. У верасні 1993 г. група расійскіх гісторыкаў прадставіла ў Маскве вычарпальную экспертызу, якая дакладна адлюстроўвала ход падзей і далейшыя спробы схаваць злачынства.
 
Вінаватыя ў дадзеным злачынстве ніколі не былі асуджаныя, нягледзячы на тое, што вядомы асобы, якія прынялі рашэнне, а таксама больш за сто яго выканаўцаў. Аднак расійскі бок спыніў расследаванне, а ўлады Расіі адмаўляюцца даваць якія-небудзь каментарыі. Ніхто не быў пакараны за гэтае злачынства і ніколі не будзе пакараны.
 
Злачынства пакінула пасля сябе доказы. Гэта створаныя палякамі могілкі - Катынь, Меднае, Харкаў, дзе кожны з 15 тысяч польскіх палонных ушанаваны паіменна. Гэта выключэнне сярод іншых пахаванняў, што засталіся пасля злачынстваў савецкай улады.
 
 Збігнеў Глуза