падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Анджэй Малешка “Магічнае дрэва. Чырвонае крэсла”. Прэзентацыя перакладу

10 лютага 2019Лiтаратура
Месца: Мінск, Выставачны павільён БелЭкспа, пр.Пераможцаў, 14

 

Прыгоды пачынаюцца тут!

10 лютага 2019 года аб 11-ай гадзіне на Польскім стэндзе ў выставачным павільёне БелЭкспа (Мінск, пр.Пераможцаў, 14) у рамках XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу адбудзецца прэзентацыя аповесці Анджэя Малешкі “Магічнае дрэва. Чырвонае крэсла”.
 

Аповесць, якую на беларускую мову пераклала Марына Шода, выйшла ў выдавецтве “Янушкевіч” пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску і Інстытута кнігі ў Кракаве.

“Магічнае дрэва. Чырвонае крэсла” – першая кніга са шматтомнага цыкла фэнтэзійных аповесцей Анджэя Малешкі “Магічнае дрэва”.

Гэта цудоўная і вельмі цікава расказаная гісторыя пра траіх дзяцей, якія павінны пераадолець шмат цяжкасцей, каб вярнуць любоў бацькоў, захопленых уласнай кар’ерай. Незвычайныя прыгоды, небяспечныя здарэнні і магія... Перад дзецьмі мноства небяспек: велізарны леў, мост са святла, лятаючы дом і сто начараваных сабак! Зробленае з магічнага дрэва чырвонае крэсла валодае надзвычайнымі магчымасцямі і выконвае любыя жаданні. І добрыя, і не вельмі...

А пачалося ўсё ў двухтысячным годзе, калі над далінай Варты пранеслася страшэнная бура. Яна бушавала няспынна тры дні і тры ночы. Напалоханыя звяры ратаваліся ў самай глыбіні нор. Маленькія дзеці хавалі галовы пад падушкі, каб не чуць бясконцых грымот. Многія дамы засталіся без святла, а некаторым віхура сарвала дахі. На трэці дзень маланка ўдарыла ў велізарны стары дуб, які рос на ўзгорку. Дрэва трэснула і ўпала на зямлю. Па ўсей даліне скаланула дамы, а бура адразу сціхла. Гэта быў не звычайны дуб. Гэта было Магічнае Дрэва. У ім хавалася агромністая цудадзейная моц. Але тады ніхто пра гэта не ведаў. Людзі завезлі яго на тартак і распілавалі на дошкі. З ягонай драўніны зрабілі сотні розных прадметаў, і ў кожным прадмеце засталася частка магічнай моцы. У звычайных рэчах хавалася сіла, якой дагэтуль не бачыў свет. Іх адправілі ў крамы, і з таго дня ва ўсім свеце пачалі здарацца неверагодныя падзеі.

Аповесць атрымала ў Польшчы прэстыжную прэмію IBBY за найлепшую кнігу для маладых чытачоў і дагэтуль б’е рэкорды па продажах. Цыкл кніг “Магічнае дрэва” зрабіўся асновай для сусветна вядомага серыяла, які атрымаў прэмію “Эмі” – тэлевізійны “Оскар” – за фантазію, мудрасць і гумар.

Анджэй Малешка рэжысёр, аўтар кніг і кінасцэнарыяў. Ён атрымаў мноства ўзнагарод на міжнародных фестывалях. Яго творы поўныя фантастычных прыгод. І адначасова падымаюць сур’ёзныя пытанні.

Добрая забава і шмат усмешак гарантаваныя!

Конкурсы з прызамі для ўдзельнікаў!

Уваход вольны