падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

ЛЁС ІНСУРГЕНТА: Дакументальная аповесць аб Аляксандру Рыпінскім і ягоным часе

5 лiстапада 2019Лiтаратура
Месца: Мінск, Дом-музей Ваньковічаў, вул. Інтэрнацыянальная, 33А

 
5 лістапада ў 18: 30 у Доме-музеі Ваньковічаў (Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 33А) у рамках цыкла “МЕСЯЦ ПОЛЬСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ” адбудзецца прэзентацыя кнігі Людмілы Хмяльніцкай “ЛЁС ІНСУРГЕНТА: Дакументальная аповесць аб Аляксандру Рыпінскім і ягоным часе”.
 

Біяграфія аднаго з выбітных дзеячаў польска-беларускага культурнага памежжа, удзельніка паўстання 1830-1831 гг., паэта, аднаго з першых беларускіх фатографаў Аляксандра Рыпінскага выйшла ў серыі “Наша ХІХ стагоддзе” выдавецтва “Лімарыус” пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.

“Вывучэнне беларускага фальклору, заахвочанае любоўю да мовы і народа, сярод якога рос, а таксама ўласныя літаратурныя творы, напісаныя на роднай яму польскай мове, робяць творчасць А. Рыпінскага здабыткам адразу дзвюх славянскіх літаратур — польскай і беларускай. Яшчэ з маладых гадоў А. Рыпінскі жыў толькі ў адпаведнасці з уласнымі ўяўленнямі пра гонар і абавязак. Яго пераследавалі ўлады царскай Расіі, і ён быў вымушаны пакінуць месцы, дзе нарадзіўся. Раптоўныя развітанні з сябрамі і блізкімі, суровае жыццё эмігранта, якое прымушала да пераездаў з краіны ў краіну, да нечаканай змены дзейнасці, разумелася не ўсімі нават у яго акружэнні…”, - адзначае аўтарка.

Дакументальная аповесць віцебскай даследчыцы Людмілы Хмяльніцкай заснавана на архіўных матэрыялах. Сярод герояў гэтай кнігі таксама паэты Адам Міцкевіч і Вільгельм Кюхельбекер, палітыкі Адам Ежы Чартарыйскі і Анджэй Тавяньскі, імператары і міністры, дыпламаты і вайскоўцы. У кнізе апісваецца жыццёвы шлях Аляксандра Рыпінскага ад навучання ў Віцебскай базыльянскай гімназіі да жыцця ў эміграцыі і вяртання на радзіму, прадстаўляецца агляд друкаванай і нявыдадзенай творчай спадчыны. Упершыню падрабязна разглядаюцца апошнія гады жыцця, падаюцца дата смерці і месца пахавання.

Аляксандр Рыпінскі, аўтар першай кнігі пад назвай “Беларусь” („Białoruś”), вяртаецца на радзіму.

У прэзентацыі бяруць удзел:
Людміла Хмяльніцкая, гісторык культуры, аўтарка кнігі;
Ірына Багдановіч, кандыдат філалагічных навук, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў;
Дзмітрый Матвейчык, кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі;
Сямён Букчын, кандыдат філалагічных навук, пісьменнік

Мадэратар — Аляксандр Фядута, доктар габілітаваны гуманітарных навук, каардынатар выдавецкай серыі "Наша XIX стагоддзе".

УВАХОД ВОЛЬНЫ