падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Прэзентацыя кнігі Эвы Ліпскай "Дзень усіх жывых" ў перакладзе на беларускую мову

29 кастрычнiка 2015Лiтаратура
Месца: Мінск, Галерэя "Ў", пр. Незаплежнасці, 37А

Польскі Інстытут у Мінску
Кнігарня “логвінаЎ”

прадстаўляюць

У цэнтры Мінску, у мастацкім кластэры “Галерэі Ў” (выставачнай залі, бары і кнігарні) раз на тыдзень будуць адбывацца літаратурныя, музычныя і тэатралізаваныя імпрэзы, з удзелам паэтаў, музыкаў і актораў з Польшчы і Беларусі.

Расклад імпрэзаў:

29 кастрычніка (чацвер) – “Дзень усіх жывых”. Пасля ўрачыстага адкрыцця “Месяца”, на якім выступяць ганаровыя госці, адбудзецца прэзентацыя кнігі выбітнай паэткі Эвы Ліпскай “Дзень усіх жывых”, якая выйшла ў перакладзе Андрэя Хадановіча. Музычнае аздабленне - акардэаніст Анатоль Таран. З удзелам аўтаркі.

Галерэя Ў (Незалежнасці, 37а). Пачатак а 19-00. Уваход – вольны

Эва Ліпска – моцны голас з пакалення “Польскай новай хвалі”, пакалення, для якога пунктам адліку сталі драматычныя ўсходняеўрапейскія падзеі 1968 года. З тых часоў выдала колькі паэтычных зборнікаў, а пераклады яе кніг выйшлі ў многіх краінах свету. У "Дзень Усіх Жывых" увайшлі выбраныя вершы. Кніга складаецца з дзвюх частак. У першай сабраныя найлепшыя верлібры з усіх паэтычных зборнікаў аўтаркі. У другой частцы цалкам прадстаўленыя вершы прозай з апошніх кніг паэткі: "Любая пані Шуберт..." і "Каханне, любая пані Шуберт..."

5 лістапада (чацвер) – “Пачытай мне комікс!” прэзентацыя-дыскусія з удзелам польскіх і беларускіх коміксаробаў і выдаўцоў: Томаша Самойліка і Адама Глобуса, а таксама Паўла Адамяка і Змітра Вішнёва. Прэзентацыя перакладу польскага комікса “Бортнік Ігнат і скарб пушчы”. Вядучая – арт-крытык, рэдактарка альманаха "pARTisan" Таццяна Арцімовіч.

Галерэя Ў (Незалежнасці, 37а). Пачатак а 19-00. Уваход – вольны

Пра комікс “Бортнік Ігнат і скарб пушчы”. Трэці падзел Рэчы Паспалітай. Разам са знікненнем дзяржавы пад пагрозай аказаліся пушчы, што трапілі пад уладу расійскай імперыі, у тым ліку - Белавежская. Герой комікса, бортнік Ігнат, жыве ў старой часцы пушчы і займаецца дзікімі пчоламі. Даведаўшыся пра планаваную вырубку і знішчэнне пушчы, Ігнат уступае ў змаганне за свой дом. Авантурная фабула комікса спалучае гістарычныя элементы з вымысленнымі. Комікс напісаны простай моваю. Насычаны гумарам, аздоблены яркімі ілюстрацыямі і каларытнымі персанажамі. А тая акалічнасць, што дзеянне разгортваецца на тэрыторыях сучасных Польшчы, Беларусі, Літвы, і Ўкраіны робіць яго прывабным не толькі для польскіх чытачоў, і не толькі для дзетак.

Томаш Самойлік – навуковец, супрацоўнік Інстытута даследавання сысуноў Польскай акадэміі навук у Белавежы, прафесійна займаецца даследаваннем натуральнай гісторыі Белавежскай пушчы. Акрамя таго піша кнігі для дарослых і дзяцей, а таксама стварае коміксы, за што атрымаў шэраг узнагарод і прэміяў.

18 кастрычніка (серада) – “Забойства па-польску”. Тэатралізаваная прэзентацыя рамана аднаго з самых вядомых польскіх аўтараў дэтэктыву Зыгмунта Мілашэўскага “Доля праўды”. З удзелам актораў і перакладчыцы Марыны Казлоўскай. Вядучы – Андрэй Хадановіч.

“Доля праўды” – гэта не толькі інтрыгоўны сюжэт, які кружляе сярод маляўнічых дэкарацыяў галіцыйскага гарадка і трымае мёртвым ухопам да апошняй старонкі. Гэты раман - адлюставанне жыцця сучаснай еўрапейскай краіны, грамадзяне якой спрабуюць весці балючы, але патрэбны дыялог наконт свайго не заўжды гладкага і ціхамірнага мінулага. Дыялог, тэмамі якога робяцца фашысцкая акупацыя, камуністычны рэжым, а таксама нацыяналістычная прапаганда.

Ў-бар (Незалежнасці, 37а). Пачатак а 19. Уваход - вольны

26 лістапада (чацвер) – адкрыццё выставы “Маладая польская ілюстрацыя”. Экспазіцыя паказвае творчасць трох маладых польскіх мастакоў, нядаўніх выпускнікоў факультэта графікі Варшаўскай Акадэміі мастацтваў - Агаты Дудэк, Монікі Хануляк і Малгажаты Новак. На выставе будуць прадстаўлены ілюстрацыі, праекты кніг і кнігі, якія ўжо можна набыць у польскіх кнігарнях. Выстава будзе доўжыцца да 13 снежня. Галерэя “Акадэмія” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (вул. Сурганава, 14) Пачатак а 17-00. Уваход вольны

Таксама запрашаем у кнігарню “логвінаЎ”, дзе на сталай аснове працуе “Польская шафа” – вялікая паліца з кнігамі на польскай і беларускай мовах. Сучасныя і класічныя, дарослыя і дзіцячыя, дэтэктывы і фантастыка, – падыходзь і набывай, ці проста чытай.