падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

С.Пясецкі “Гляну я ў аконца...” - прэзентацыя беларускамоўнага перакладу

9 лiстапада 2018Лiтаратура
Месца: Мінск, Дом Ваньковічаў, вул. Інтэрнацыянальная, 33А

 
9 лістапада 2018 года а 17-ай гадзіне ў Доме Ваньковічаў (Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 33А) у рамках цыкла “МЕСЯЦ ПОЛЬСКАЙ ЛІТАРАТУРЫадбудзецца прэзентацыя перакладу другой часткі знакамітай “Менскай трылогіі” Сяргея Пясецкага “Гляну я ў аконца...”.

Раман выйшаў у выдавецтве “Логвінаў” пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску і Інстытута кнігі (Кракаў), пераклала твор на беларускую мову Марыя Пушкіна.

Гляну я ў аконца... – другі раман з «Менскай трылогіі» Сяргея Пясецкага, славутага польска-беларускага празаіка. Першы раман трылогіі “Яблычак” у перакладзе Віктара Шукеловіча быў выдадзены ў лютым бягучага года і прэзентаваны на Мінскім кніжным кірмашы.
 

Сяргей Пясецкі з уласцівай яму каларытнасцю распавядае пра закрытае і поўнае таямніцаў зладзейскае асяроддзе Менска пачатку ХХ стагоддзя. Дзеянне рамана ахоплівае перыяд з ранняй вясны 1918 да жніўня 1919 года, час краху імперый і ваяўнічага паўставання новых дзяржаў. Той парой у Менску як у вялікім прыфрантавым горадзе з шырокімі магчымасцямі для прафесійных злачынцаў канцэнтраваліся прайдзісветы з самых розных краёў. Нас чакае працяг гісторыі “фірмовага” злодзея Аліка Барана, яго падступнай каханкі Паўлінкі і яго таленавітага вучня Яся Нацэвіча, а таксама небяспечныя прыгоды новых герояў. Перад вачыма чытача праходзіць стракаты карагод узломшчыкаў, махляроў, авантурыстаў – жанчын і мужчын, “тузоў” і “пешак” – а таксама разварочваецца цэлы веер метадаў іх працы. Над зладзейскім кланам Менска збіраюцца хмары – гульня ідзе на жыццё і свабоду.

У размове пра жыццёвы шлях і значэнне творчасці Сяргей Пясецкага возьмуць удзел польскія і беларускія даследчыкі і літаратуразнаўцы – д-р н. Кшыштаф Палехоньскі (Вроцлаў), праф. Мікалай Іваноў (Аполе), к. ф. н. Таццяна Кабржыцкая і праф. Вячаслаў Рагойша (Мінск).

Прадстаўляць беларускамоўную версію рамана будуць перакладчыца Марыя Пушкіна і ініцыятар перакладу трылогіі на беларускую мову, перакладчык і журналіст Якуб Бернат.

Мадэратар – Андрэй Хадановіч.

Сяргей Пясецкі – польска-беларускі пісьменнік, які нарадзіўся ў 1901 годзе ў Ляхавічах. Яго жыццё поўнілася экстрэмальнымі прыгодамі і незвычайнымі авантурамі, сярод якіх былі шпіянаж і кантрабандная дзейнасць на савецка-польскай мяжы ў раёне Ракава. У 1926 годзе С. Пясецкага за бандыцкі налёт прысудзілі да смяротнага пакарання, але потым замянілі прысуд на 15 гадоў турмы. За кратамі ў Пясецкага праявіўся літаратурны талент, а яго творы прынеслі славутасць і дапамаглі раней вызваліцца з турмы. Пасля Другой сусветнай вайны Пясецкі эміграваў на Захад, дзе жыў у вельмі сціплых умовах, хоць меў еўрапейскую літаратурную славу. Памёр у 1964 годзе ў Вялікабрытаніі.

Уваход вольны