падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Сустрэча з Антонім Ліберам і прэзентацыя рамана "Мадам"

14 лiстапада 2019Лiтаратура
Месца: Мінск, Новая зала Дома кнігі "Светач", пр. Пераможцаў, 11, 2-гі паверх

14 лістапада ў 18: 00 запрашаем на сустрэчу са знакамітым польскім пісьменнікам, перакладчыкам і тэатральным рэжысёрам АНТОНІМ ЛІБЕРАМ і прэзентацыю беларускамоўнага выдання яго рамана “МАДАМ”. Сустрэча ў рамках цыкла “МЕСЯЦ ПОЛЬСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ” адбудзецца у новай зале Дома кнігі "Светач".

Яна была нямым сведчаннем таго,
што мы жывем у багне і дурасці,
а можна жыць іначай…

Антоні Лібера “Мадам”

Раман выйшаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура” пры падтрымцы Інстытута кнігі (Кракаў) і Польскага Інстытута ў Мінску ў перакладзе Марыны Шоды.
 

Антоні Лібера — празаік, эсэіст, перакладчык, тэатральны рэжысёр. Знаўца творчасці Сэмюэля Бэкета і перакладчык усіх яго п'ес, а таксама значнай часткі творчасці іншых гатункаў (раманаў, эсэ, паэзіі) на польскую мову. Акрамя таго, з-пад яго рукі выйшлі пераклады шэкспіраўскага «Макбета», «Саламеі» Оскара Уайльда, трагедый Сафокла, паэзіі Гёльдэрліна і Кавафіса. Ставіў шматлікія п'есы Бэкета, у Польшчы і за мяжой. З’яўляецца лаўрэатам спецыяльнай узнагароды Саюза польскіх перакладчыкаў, узнагароды Фонду літаратуры пры Міністэрстве культуры і мастацтва за пераклад драматычных твораў Бэкета. Узнагароджаны Сярэбраным і Залатым Медалём «За заслугі перад культурай Gloria Artis» (2011, 2018). У 2011 годзе ўзнагароджаны Афіцэрскім крыжам Ганаровага Ордэна Адраджэння Польскі. У 2016 годзе міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Пётр Гліньскі адзначыў А.Ліберу штогадовай прэміяй Міністэрства ў намінацыі “Тэатр”. У 2018 Антоні Лібера атрымаў узнагароду імя Прэзідэнта Леха Качыньскага.

«Мадам» — адзіная мастацкая кніга, напісаная Антонім Ліберам. Акрамя шматлікіх узнагародаў, раман адразу заваяваў велізарную сімпатыю чытачоў (усяго надрукавана больш за 100 тыс. асобнікаў, пераклады выйшлі на 20 мовах) і станоўчыя водгукі рэцэнзентаў.

Раман "Мадам" распавядае пра каханне не па гадах разумнага вучня да настаўніцы французскай мовы. Усё адбываецца ў застылых рэаліях Польскай Народнай Рэспублікі. Яна — элегантная, ганарлівая жанчына, на чыё жыццё лёг цень складанай сямейнай гісторыі. Ён — разумны, надзелены літаратурнымі, музычнымі і акцёрскімі здольнасцямі, а часам ужо занадта вырафінаваны ў сваіх паводзінах.

Сам Лібера так гаворыць пра свой раман: «Мадам» — гэта зусім не спроба вярнуцца ў мінулае, уваскрашаць старыя ўзоры, культываваць стыль, які выйшаў у тыраж. Гэта пародыя, пародыя на “Bildungsroman”, пікарэскны раман і аўтабіяграфію.

Прэзентацыю з удзелам Антонія Ліберы і перакладчыцы Марыны Шоды правядзе Валярына Кустава.

УВАХОД ВОЛЬНЫ