падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

“Геній, які завалодаў сэрцамі”

30 чэрвеня 2010Музыка
Месца: Мінск, Музей музычнай і тэатральнай культуры, Музычны завулак, 5


Трыо "ВЫТОКІ"
Ірына Аўдзеева (фартэпіяна), Сяргей Махаў (флейта), Аляксей Фралоў (фагот)
Фрыдэрык Шапэн зьяўляецца адным з найвялікшых кампазітараў у гісторыі сусьветнай культуры, творцам, які праславіў польскую культуру, выразна інтэрпаліраваў яе ў сусьветны мастацкі працэс. Немалаважную ролю ён меў і мае для беларускай культуры, дзе яго ўплыў вельмі заўважны. Яшчэ больш шчыльна зьвязваюць Шапэна і Беларусь розныя “стрыечныя” сувязі, як напрыклад факт працы яго першага настаўніка Войцэха Жыўнага ў сапегаўскай рэзідэнцыі ў Дзярэчыне, сяброўства Шапэна і Напалеона Орды ды інш. Патрыятычны пафас генія быў сугучны думкам і пачуцьцям многіх беларусаў, якія разам з палякамі і іншымі народамі былі яшчэ нядаўна ў адной Рэчы Паспалітай, а пазьней удзельнічалі ў паўстаньнях “за нашу і вашу волю”.

Сёньня ушанаваньне Ф.Шапэна і папулярызацыі яго імя і творчасьці ў юбілейны год у розных мясьцінах Беларусі падаюцца асабліва важнымі і з гэтай прычыны. Але найперш – 200-годдзе адзначае адзін з самых геніяльных кампазітараў у гісторыі, які пакінуў сьвету у спадчыну найбольш вытанчаную, шчыра-асабістую, багата-эмацыйную, поўную драматызма і прасьветленасьці Музыку.
 
 Названая праграма будзе ў форме канцэрта-лекцыі і канцэптуальна прывязана да канкрэтных мясцовасьцей, што маглі б “пахваліцца” нейкім сваім дачыненьнем да Шапэна. Сьвяткаваньне юбілею выдатнага кампазітара прапануецца правесьці ў Дзярэчне, Варацэвічах і Пінску. Але першы канцэрт пройдзе ў Мінску 30 чэрвеня 2010 у 18-00 у Дзяржаўным музэі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі (Музычны завулак, 5). (Квіткі на канцэрт – у касе музэя).
 
Прагучыць музыка Ф. Шапэна, М. Ельскага, Н. Орды, Я. Тарасевіча, Ф. Шапэна, Шапэна, Шапэна...
 
Трыо “Вытокі” зьявілася з асяроддзя ансамбля салістаў “Класік-Авангард”. Галоўная мэта трыо – адраджэнне старадаўняй беларускай музыкі і старадаўняй музыкі навогул. Для гэтага кіраўнік трыо, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Фралоў праводзіць пошукавую архіўную і навукова-даследчую работу. Пачынаючы з музыкі Рэнесанса і Барока, творы Класіцызма і Рамантызма, у т.л. Агінскіх, Радзівілаў, Ельскіх, Я. Голанда, Н. Орды, Я. Тарасевіча, геніяльнага С. Манюшкі, музыка аўтараў ХХ ст. – А. Багатырова і М. Аладава, шэдэўры Я. Глебава, У. Солтана – у праграмах трыо. Дастаткова шырока прадстаўлена і сусветная класіка. “Вытокі” з поспехам выступалі ў многіх канцэртных залах і музеях Беларусі, Германіі, Літвы, Нідэрландаў, Расіі. Да юбілейнага году Манюшкі “Вытокі” падрыхтавалі мона-праграму з твораў нашага Класіка. Цяпер слухачоў чакае праграма да Юбілею вялікага Шапэна.