падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Канцэрт “Музычнае падарожжа: Польшча, Беларусь, Турцыя”

25 лiстапада 2014Музыка
Месца: Мінск, Малая зала імя Р. Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі

25 лістапада 2014 года ў Малой зале імя Р. Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Польшча ў Мінску, Пасольства Турэцкай Рэспублікі ў Мінску і Польскага Інстытута ў Мінску адбудзецца канцэрт “Музычнае падарожжа: Польшча, Беларусь, Турцыя”, прысвечаны 600-й гадавіне польска-турэцкіх дыпламатычных адносінаў.
Выканаўцы: ансамбль салістаў "Класік-Авангард" пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублiкi Беларусь Уладзіміра Байдава, а таксама салісты — Саша Арбузава (скрыпка), Ева Волкава (скрыпка) і Алена Мальцава (скрыпка).
 
 
600-я гадавіна польска-турэцкіх дыпламатычных адносінаў вартая спецыяльнай увагі: Польша сталася першай еўрапейскай краінай, якая пабудавала сталыя дыпламатычныя стасункі з тагачаснай Асманскай Імперыяй. Паводле “Кронікаў” Яна Длугаша пачатак польска-турэцкіх кантактаў сягае 1414 года, калі польскі кароль Уладыслаў Ягайла выслаў на двор у Бурсу, тагачасную сталіцу імперыі, першую дыпламатычную місію. Тады султан Мехмед І Чэлебі прыняў пры сваім двары паслоў Скарбка з Гуры і Гжэгажа Армяніна.
На працягу эпохі Ягелонаў паміж Турцыяй і Польшай наладзіўся багаты гандлёвы абмен. У 1569 годзе пасля Люблінскай уніі да знешняй палітыкі Польскай Кароны далучылася і Вялікае Княства Літоўскае, якое ўключала і цяперашнія беларускія землі. У 1699 годзе ў Карловіцах паміж Турцыяй і Польшай быў падпісаны трактат, што паклаў пачатак новаму працягламу перыяду прыязных палітычных стасункаў. У сэрцах былых жыхароў Рэчы Паспалітай назаўжды застанецца ўдзячнасць Турцыі за тое, што яе ўрад не прызнаў падзелаў краіны канца XVIII ст. А ў XIX ст. пасля лістападаўскага (1830-1831) і студзеньскага (1863) паўстанняў у Турцыі зычлівы прыём атрымалі многія палітычныя эмігранты былой Рэчы Паспалітай. Польскае пасольства бесперапынна дзейнічала ў Анкары і падчас І сусветнай вайны.
Інтэнсіўныя палітычныя, дыпламатычныя і гандлёвыя кантакты Польшчы і Турцыі наўпрост паўплывалі на іх культурнае ўзаемаўзбагачэнне. Арыенталізм у мастацтве Рэчы Паспалітай хутка распаўсюдзіўся дзякуючы сарматызму — барочнай культурна-бытавой фармацыі, якая ўяўляла сабой арыгінальнае паяднанне культур Захаду і Усходу. Уздзеянне арыенталізму, ва многім звязанага менавіта з Турцыяй, прасочвалася ў розных відах мастацтва Рэчы Паспалітай: дэкаратыўна-прыкладным, тэатральным, выяўленчым, і канешне ж, музычным. Варта ўзгадаць арыентальныя матывы п’ес Уршулі Радзівіл, турэцкія балеты, што рыхтаваліся да пастаноўкі ў магнацкіх тэатрах, а таксама янычарскія капэлы — ваенныя турэцкія аркестры, якія ў XVII ст. у прыдворны і магнацкі побыт ўвёў Ян Сабескі — вялікі аматар турэцкай музыкі. Музыканты янычарскіх капэлаў набіраліся з розных сацыяльных групаў, але ўсе яны былі мясцовага паходжання. Звычайна ў капэлах было па шэсць-восем музыкаў-сурмачоў, якіх называлі яшчэ габаістамі, а таксама багата выканаўцаў на ўдарных інструментах: 6 барабаншчыкаў, 2 «палкеры», якія білі палкамі ў медныя невялікія катлы, што стаялі на зямлі, і два ўдарнікі, якія білі ў медныя, выпуклыя ў сярэдзіне талеркі.
У XVIII ст. Рэч Паспалітая адчувала на сабе таксама ўздзеянне так званага “другаснага” арыенталізму, які пранікаў з Заходняй Еўропы і Расіі. Гэта знайшло адлюстраванне ў стварэнні ў войску янычарскіх харугваў, у выкарыстанні мэблі і дываноў турэйкай работы, у афармленні інтэр’ераў і ў паўсюдным захапленні ўсходнімі ўпрыгожаннямі. Досыць часта турэцкая тэматыка прысутнічала ў дэкоры гарадскіх цырымоній, дзе магнатаў віталі пераапранутыя ў турэцкія строі слугі і музыканты, воіны і месцічы.
Турцыя адбілася на лёсах такіх яркіх прадстаўнікоў дыпламатыі і мастацтва былой Рэчы Паспалітай, як Міхал Клеафас Агінскі і Адам Міцкевіч. Першы з іх быў скіраваны парыжскай Дэпутацыяй у Канстанцінопаль з сакрэтнай місіяй аб’яднання супраць Расіі сіл Францыі, Атаманскай Порты, Швецыі і Даніі. Нягледзячы на бесперспектыўнасць сваёй палітычнай місіі, князь з цікавасцю назіраў за жыццём турэцкай сталіцы і вывучаў яе культуру. Дзякуючы турэцкім уражанням з-пад пяра Агінскага паўстала опера “Зеліс і Валькур, альбо Банапарт у Каіры”, многія старонкі якой сведчаць пра ўдзеянне аўтэнтычнай музыкі Усходу. Пад турэцкім небам давялося памерці геніяльнаму паэту Адаму Міцкевічу. Аўдавеўшы ў красавіку 1855 г., восенню Міцкевіч выехаў у Канстанцінопаль, маючы намер арганізаваць з ураджэнцаў Рэчы Паспалітай Новы польскі, а таксама яўрэйскі легіёны для дапамогі французам і англічанам у барацьбе з Расіяй. 26 лістапада 1855 года паэт памірае ў Стамбуле падчас эпідэміі халеры. Памяці Адама Міцкевіча прысвечана чароўная “Песня без слоў” Міхала Ельскага. Арыентальныя матывы не зніклі ў музыцы Рэчы Паспалітай ў XIX ст. Іх можна пачуць і ў п’есах легендарнага польскага скрыпача Генрыха Вяняўскага, і ў творах кампазітараў польскага паходжання Макса і Анры Кавальскіх. Арыгінальныя ж турэцкія мелодыі прагучаць у канцэрце ў кампазіцыях Сулеймана Тармана, Хасана Азчыві і Якуба Ківрака.
Святлена Немагай