падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Канцэрт "Музычныя дыялогі"

18 мая 2017Музыка
Месца: Мінск, Вялікая зала Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі

Канцэрт «Музычныя дыялогі», які адбудзецца 18 мая 2017 г. у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў Мінску, музычна аб’ядноўвае тры краіны: Польшчу, Беларусь і Ўкраіну. Нацыянальны камерны ансамбль «Кіеўскія салісты» пад кіраўніцтвам Рамана Рэваковіча і саліст-акардэаніст Клаўдзіюш Баран выканаюць беларускую, польскую і ўкраінскую музыку. 
У праграме канцэрта прагучаць ўжо стаўшыя класікай польскія творы – выдатны, энергічны «Канцэрт для струннага аркестра» Гражыны Бацэвіч і прыгожая «Серэнада для струннага аркестра» Мечыслава Карловіча. Дапаўненнем дыялогу стануць дзве прэм’ерныя п'есы для баяна і струнных: «LIVINLIV» украінскага кампазітара Аляксандра Шымкі і «Подых восені» беларускага кампазітара Дзмітрыя Лыбіна. Сольную партыю ў гэтых творах выканае выбітны польскі акардэаніст Клаўдзіюш Баран, які ў цяперашні час займае пасаду рэктара Музычнага ўніверсітэта імя Фрыдэрыка Шапэна ў Варшаве.
Канцэрт ажыццяўляецца ў супрацоўніцтве з Фондам «Pro Musica Viva» і Польскім інстытутам ў Мінску, пры фінансавай падтрымцы Горада Варшавы.

Нацыянальны камерны ансамбль "Кіеўскія салісты". Стварэнне Дзяржаўнага камернага ансамбля "Кіеўскія салісты" – ажыццяўленне даўняй мары маэстра Богадара Катаровіча (1941-2009). Ён быў заснавальнікам, мастацкім кіраўніком і дырыжорам гэтага выдатнага калектыву, прызнанага слухачамі і крытыкамі ў розных краінах свету. У складзе камернага ансамбля «Кіеўскія салісты» таленавітыя маладыя музыканты Ўкраіны, лаўрэаты нацыянальных і міжнародных конкурсаў, сярод якіх шмат вучняў Богадара Катаровіча. Рэпертуар ансамбля ахоплівае шырокі спектр барочнай, класічнай і сучаснай музыкі для камернага аркестра. Але генеральная лінія рэпертуарнай палітыкі "Салістаў" – выкананне маштабных твораў рамантычнага напрамку. За ансамблем зацвердзілася рэпутацыя папулярызатара аўтараў сусветнага ўзроўню, творы якіх яшчэ не выконваліся ва Ўкраіне. "Кіеўскія салісты" выступалі ў прэстыжных канцэртных залах розных краін свету з вядучымі нацыянальнымі і замежнымі дырыжорамі і салістамі. У набытку ансамбля – багатая дыскаграфія, а таксама запісы для радыё і тэлебачання. За актыўную дзейнасць у справе папулярызацыі ўкраінскай культуры Міністэрства замежных спраў Украіны надало калектыву званне «Пасол украінскай культуры ў свеце». У лютым 2010 года Указам прэзідэнта Ўкраіны калектыву прысвоена званне «Нацыянальны камерны ансамбль».

Дырыжор Раман Рэваковіч супрацоўнічае з сімфанічнымі і камернымі аркестрамі Польшчы («Sinfonia Varsovia», Аркестр Польскага Радыё, «Sinfonia Iuventus» і інш.), Украіны (Нацыянальны сімфанічны аркестр Украіны, Акадэмічны сімфанічны аркестр Львоўскай абласной філармоніі, Нацыянальны камерны ансамбль «Кіеўскія салісты») і Беларусі (Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр РБ, Дзяржаўны камерны аркестр РБ), а таксама аркестрамі Расіі, Сербіі і Славакіі. Выпускнік Варшаўскай акадэміі музыкі, вывучаў тэорыю музыкі і кампазіцыю пад кіраўніцтвам М. Баркоўскага, а таксама мастацтва дырыжыравання ў класе Б. Мадэя. Раман Рэваковіч шмат увагі прысвячае сучаснай музыцы. Сумесна з украінскімі кампазітарамі ў 1995 г. у Львове заснаваў Фестываль сучаснай музыкі «Кантрасты», дзе выступіў як дырыжор прэм’ерных твораў украінскіх і польскіх кампазітараў. Выступае на шматлікіх фестывалях сучаснай музыкі ў Польшчы і за мяжой. У 2010 г. ажыццявіў шэраг канцэртаў, прысвечаных святкаванню Года Шапэна ва Ўкраіне, Беларусі і Расіі, а ў 2013 г. з нагоды 100-годдзя В. Лютаслаўскага арганізаваў 14 канцэртаў у Расіі і Ўкраіне з удзелам выбітных салістаў з Польшчы. У Беларусі падчас канцэртаў пад кіраўніцтвам маэстра ў 2008, 2011 і 2013 гадах адбыліся прэм’ерныя выкананні твораў В. Лютаслаўскага і К. Шыманоўскага, а таксама твораў сучасных беларускіх і ўкраінскіх аўтараў. У 2016 г. канцэрты пад назвай “Польска-ўкраінскія музычныя дыялогі” ў выкананні Нацыянальнага камернага ансамбля “Кіеўскія салісты” пад кіраўніцтвам Р. Рэваковіча адбыліся ў 9 гарадах Украіны і 4 гарадах Польшчы. Раман Рэваковіч з’яўляецца заснавальнікам і кіраўніком Фонда “Pro Musica Viva”, які займаецца папулярызацыяй і падтрымкай розных музычных ініцыятыў.

Клаўдзіюш Баран
Акардэаніст і банданеаніст, рэктар Музычнага ўніверсітэта імя Фрыдэрыка Шапэна ў Варшаве. Лаўрэат I прэміі Нацыянальнага конкурсу акардэаністаў у г. Катавіцэ (1993), I прэміі Міжнароднага конкурсу акардэаністаў у Кастэльфідарда (Італія, 1997), I прэміі Міжнароднага конкурсу акардэаністаў у Парыжы (1997) і інш. Выступаў сольна, а таксама ў суправаджэнні камерных ансамбляў і сімфанічных аркестраў у Польшчы і за мяжой - у Францыі, Італіі, Аўстрыі, Украіне, Расіі, Іспаніі, Чэхіі, Германіі, Люксембургу, Сербіі, Славакіі, Літве, Эстоніі, Велікабрытаніі і Аргенціне. Прымаў удзел у многіх фестывалях, сярод якіх «Варшаўская восень», «Форум Лютаслаўскага» ў Варшаве, «Musica Polonica Nowa» ў Вроцлаве, «Musica Moderna» ў Лодзі, «Скрыжаванне культур» у Варшаве, «Дыялог чатырох культур» у Лодзі, «Баян і баяністы» ў Маскве, «EXPO 2008» у Сарагосе, фестываль акардэоннай музыкі у Санкт-Пецярбургу, «Сезон польскай культуры» ў Расіі, Фестываль акардэоннай музыкі ў г. Крагуевац (Сербія), «Tango Festival y Mundial de Baile» ў Буэнас-Айрэсе. З'яўляецца членам і заснавальнікам наступных калектываў: Tangata Quintet, з якім двойчы быў намінаваны на польскую музычную прэмію “Фрыдэрык” (2004, 2005), Machina del Tango і DesOrient. У 2003 г. на лэйбле Sony Classical запісаў свой аўтарскі альбом сольных і камерных твораў А. П’яцолы, які атрымаў прэмію Польскай фанаграфічнай акадэміі «Фрыдэрык 2003» у намінацыі «Лепшы альбом - камерная музыка».Ажыццявіў шмат запісаў для польскага радыё і тэлебачання, ўдзельнічаў у запісе музыкі да тэатра і кіно.

Аляксандр Шымко – сучасны ўкраінскі кампазітар, піяніст. Нарадзіўся ў 1977 г. у г. Баршчоў (Тэрнопальская вобл., Украіна). У 1997 г. скончыў Чарнавіцкае музычнае вучылішча ім. С. Варабкевіча па класе фартэпіяна, а таксама кампазітарскі факультэт (2002) і асістэнтуру (2005 г.) у Нацыянальнай музычнай акадэміі Ўкраіны імя. П. І. Чайкоўскага. З 2003 г. з'яўляецца членам Нацыянальнага Саюза кампазітараў Украіны. Лаўрэат прэміі Л. Равуцкага (2007) і прэміі М. Верыкоўскага (2009). У 2005 г. праходзіў стажыроўку ў музычнай акадэміі імя.К.Шыманоўскага (Катавіцэ) у межах стыпендыяльнай праграмы «Gaude Polonia". У 2004 г. стаў стыпендыятам мэра горада Кіева, а ў 2006 – стыпендыятам фонда Ernst von Siemens Musikstiftung (Мюнхен, Германія).З 2007 г. займае пасаду музычнага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра рускай драмы імя Лесі Украінкі ў Кіеве. Арганізатар і аўтар шматлікіх музычных праектаў. Пастаянны ўдзельнік фестываляў сучаснай музыкі як ва Ўкраіне, так і за мяжой. Аўтар больш за сто твораў, сярод якіх пяць сімфоній для сімфанічнага аркестра (2006, 2009, 2010, 2013, 2014), два канцэрты для фартэпіяна і сімфанічнага аркестра (2002, 2009), канцэрт для скрыпкі і сімфанічнага аркестра (2012), канцэрт для скрыпкі, альта і сімфанічнага аркестра (2014), канцэрт для віяланчэлі і сімфанічнага аркестра (2016), кантата "Гімн Сонцу" (2004), араторыя «Поўдзень» (2016), творы для камернага аркестра, камерныя ансамблі, аўтар музыкі да 25 спектакляў, двух балетаў "Выбраннік Сонца" (2006) і "Снежная Каралева" (2016), а таксама музыкі да фільмаў.

Дзмітрый Лыбін – беларускі кампазітар, піяніст. Нарадзіўся ў 1963 г. у Мінску. З адзнакай скончыў Інстытут імя Гнесіных у Маскве (1986) як музыказнаўца і Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі (1994) па класе кампазіцыі праф.Д.Смольскага. Стажыраваўся ў С.-Пецярбургскай кансерваторыi i Варшаўскай акадэмii музыкi. Аўтар твораў для аркестра, хора, камерных ансамбляў і сольных інструментаў. У сваім набытку мае кампазітарскія замовы ад музычнага фонду Эрнста фон Сіменса, а таксама Фонду сяброў “Варшаўскай Восені”. Стыпендыят праграмы „Gaude Polonia” Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны РП (2008).Музыка кампазітара выконвалася ў Беларусі, Балгарыі, Канадзе, Францыі, Германіі, Літве, Эстоніі, Малдове, Нідэрландах, Польшчы, Партугаліі, Расіі, Румыніі, Сербіі, Славеніі, ЗША, Украіне і Італіі. Адзін з заснавальнікаў Беларускага таварыства сучаснай музыкі ў 1990 г., з 1991 г. яго сакратар, а ў 2001-06 гг. – старшыня таварыства.Кампазітар з'яўляецца аўтарам м.інш. канцэрта для скрыпкі (1994), кантаты (1997) для сімфанічнага аркестра, хору, барытона і апавядальніка, камернай кантаты «Рэха Айчыны» для сапрана, тэнара і камернага ансамбля (1988/2003), твораў «Музыка для Нясвіжа» для аркестра (1998), «З Кракава ў Вену» для камернага ансамбля (2003), «Правінцыянальная сімфонія» для струннага аркестра (2006), Classic-Avant-Garde Symphony для аркестра (2006), «Куды плыве Прыпяць” для аркестра народных інструментаў (2008), „Postscriptum” для фартэпіяна і малога аркестра (2010/2015), Not deadonly sleeping (Lullaby for Chopin) для 2-х фартэпіяна і струннага аркестра (2010) і інш.

Гражына Бацэвіч (1909-1969) – выбітная польская кампазітарка і скрыпачка. З 1919 г. навучалася ў Музычнай кансерваторыі ў Лодзі. У 1932 г. скончыла Варшаўскую кансерваторыю па класах кампазіцыі, скрыпкі і фартэпіяна. Вучылася таксама ў Парыжы на кампазітарскім аддзяленні École Normale de Musique ў Н.Буланже і венгерскага скрыпача К. Флэша. У 1936-38 гг. выконвала партыю першай скрыпкі ў варшаўскім аркестры Польскага Радыё. Падчас нямецкай акупацыі давала падпольныя канцэрты ў Варшаве. Канцэртную дзейнасць працягвала да 1953 г., выступаючы ў Бельгіі, Чэхаславакіі, СССР, Румыніі, Венгрыі і Францыі. З 1966 г. і да смерці ў 1969 г. выкладала кампазіцыю ў Дзяржаўнай вышэйшай музычнай школе ў Варшаве. У 1955-57 і 1960-69 – віцэпрэзідэнт Саюза польскіх кампазітараў. Аўтар некалькіх аповесцяў і навэлаў, а таксама зборніка апавяданняў «Асаблівы знак», выдадзенага ў Варшаве ў 1970 г. Г. Бацэвіч - аўтар 7 скрыпічных канцэртаў, 2 канцэртаў для віяланчэлі і канцэрта для альта. Напісала таксама 7 струнных квартэтаў, 5 санат для скрыпкі і фартэпіяна і 2 санаты для скрыпкі сола. Удастоена шматлікіх узнагарод за сукупнасць творчай, педагагічнай і арганізатарскай дзейнасці. Узнагароджана Кавалерскім Крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы (1953), Медалём 10-годдзя ПНР (1955) і Камандорскі Крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы (1955).

Мечыслаў Карловіч (1876 г., Вішнева /цяпер Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл./ – 1909, загінуў у польскіх гарах Татрах). Дзяцінства, да шасці гадоў, правёў у родным Вішневе. З сямігадовага ўзросту вучыўся іграць на скрыпцы ў Дрэздэне і Празе, а потым у Я. Якоўскага ў Варшаве. У 1889-95 г. быў вучнем С. Барцэвіча, вывучаў гармонію ў З. Наскоўскага і П. Машыньскага. У 1895 годзе выехыў у Берлін, вучыўся прыватна ў Ф. Зайліца, пазней – у Х. Урбана. Адначасова наведваў лекцыі па гісторыі музыкі, гісторыі філасофіі, псіхалогіі і фізіцы ў Берлінскім універсітэце. Творчасць Мечыслава Карловіча прысвечана музыцы аднаго гатунку – сімфанічнай паэме. У 1904-1909 годзе напісана 6 сімфанічных паэм, дзякуючы якім кампазітар носіць тытул выдатнейшага польскага сімфаніста. У 1906 годзе кампазітар пераязджае на пастаяннае месца жыхарства ў г. Закапанэ. З Татрамі Карловіч быў звязаны асобым чынам. Ён працаваў у Татраньскім Таварыстве, публікаваў артыкулы з падарожжаў па гарах, захапляўся альпінізмам, фатаграфіяй. Загінуў засыпаны снежнай лавінай, маючы 33 гады.
Дзякуючы сваёй сімфанічнай музыцы М. Карловіч заняў у яе неарамантычнай плыні пачатку XX стагоддзя адно з галоўных месцаў. Польскі музычны крытык А. Палонскі назваў творчасць М. Карловіча “каштоўнай, з вясёлкавым бляскам, музычнай жамчужынай”.