падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

“МАЙСТРЫ & ВІРТУОЗЫ”

16 лiстапада 2017Музыка
Месца: Мінск, Беларуская дзяржаўная філармонія, Вялікая канцэртная зала

16 лістапада ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў рамках Міжнароднага фестывалю “Беларуская музычная восень” адбудзецца канцэрт “МАЙСТРЫ & ВІРТУОЗЫ”, у якім будуць прадстаўлены сапраўдныя шэдэўры майстроў-кампазітараў ў выкананні самага высокага ўзроўню музыкаў-віртуозаў.
Праект прымеркаваны да 100-годдзя аднаўлення Незалежнасці  Польшчы. 
Арганізатары канцэрта — Беларуская дзяржаўная філармонія і Польскі Інстытут у Мінску, пры падтрымцы ІнстытутаАдама Міцкевіча (Варшава).

Упершыню ў Мінску выступіць першая скрыпка аркестра Варшаўскай Філармоніі  МАРЫЯ МАХОЎСКА, а таксама самыя выбітныя салісты з Польшчы КАТАЖЫНА БУДНІК-ГАЛОНЗКА (альт), ЯН КАЛІНОЎСКІ (віяланчэль), МАРЭК ШЛЕЗЭР  (фартэпіяна),якія выйдуць на мінскую сцэну ў суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі.

За дырыжорскім пультам выступіць маэстра ПАВЕЛ КОТЛЯ (Польшча-Вялікабрытанія).

Сапраўднай жамчужынай канцэртнай праграмы стане прэм’ернае выкананне ў Беларусі знакамітай“ІІІ Канцэртнай сімфоніі для скрыпкі, альта, віяланчэлі, фартэпіяна і аркестра”  геніяльнага Аляксандра Тансмана, сусветна вядомага  польскага кампазітара, 120-годдзе з дня нараджэння якога святкуецца ў гэтым годзе. 

“ІІІ Канцэртная сімфонія”  Тансмана — гэта перадусім феерыя колераў, багацце рытмаў і майстэрская інструментоўка. “Бліскучы твор, у якім кампазітар спалучыў рысы некалькіх эпох і двух кантынентаў. … у першай частцы ён выкарыстовае неабарочную паліфонію і квазі-танцавальны рытм, а ўся  другая частка — “амерыканская”: некаторыя эпізоды маюць характар рэгтайму, у цэнтральнай частцы чуваць блюз, а адпаведная інструментоўка падкрэслівае джазавыя асацыяцыі. Трэцяя частка спачатку нагадвае “Жалобны марш” Шапэна, а потым аказваецца экзатычным пейзажам, які асацыюецца з «Прэлюдыяй да ночы» Равеля. Асляпляльная вынаходлівасць аркестроўкі, сольнае трактаванне большасці інструментаў, і жартоўнасць, з якой адбываюцца чарговыя пераходы паміж эпізодамі” — пішамузыкавед М. Гайль.

Адзін з пунктаў  праграмы — знакамітая V Сімфонія расійскага кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча, найбуйнейшага сімфаніста XX стагоддзя, які аказаў вялізны ўплыў на развіццё сусветнай музычнай культуры. Дзмітрый Шастаковіч мае польска-беларускія карані. Яго дзед, удзельнік паўстання  1866 г. быў родам з Вільні, а пазней сасланы ў Сібір. 

У канцэрце прагучыць таксама музыка Станіслава Манюшкі — аднаго з выдатнейшых майстроў, 200-годдзе якога хутка будзе адзначацца ў Беларусі і Польшчы. Мінскія слухачы будуць мець рэдкую магчымасць пачуць адзін з прыгажэйшых інструментальных твораў кампазітара — фантастычную ўверцюру «Зімовая казка». Дынамічнае музычнае апавяданне — ад лірычнага да драматычнага, ад напоўненага гумарам да неспакойна-таямнічага, але перадусім прыгожыя меладычныя тэмы дазволяць лёгка ўявіць сабе байку, якая пачынаецца словамі “Даўно-даўно таму…”

 

Павел КОТЛЯ – выбітны польскі дырыжор, які стала жыве і працуе ў Лондане. Адукацыю атрымаў у Музычным універсітэце імя Ф. Шапэна ў Варшаве (дырыжыраванне), у Оксфардскім універсітэце (музыказнаўства), а таксама ў Вене, Сіене, Інсбруку і Брыксене. У розны перыяд з’яўляўся асістэнтам у Guildhall School of Music and Drama ў Лондане, мастацкім кіраўніком Філармоніі Оксфардскага універсітэта, Bromsgrove String Orchestra, Stevenage Symphony Orchestra, Harpenden Choral Society, Redhill Sinfonia, Leicester Symphony Orchestra, Плоцкага Сімфанічнага аркестра, Падляшскай філармоніі і оперы ў Беластоку, а таксама першым запрошаным дырыжорам Пецярбургскага сімфанічнага аркестра. Павел Котля супрацоўнічаў з сусветна вядомымі выканаўцамі і такімі калектывамі, як London Symphony Orchestra, London Mozart Players, City of Birmingham Symphony Orchestra, Drottningholm Baroque Ensemble, Orquestra Sinfonica de São Paulo. Ён атрымаў выдатныя водгукі ад такіх майстроў, як Колін Дэвіс, Сайман Рэттл, Нэвіл Маррынер, Юрый Цемірканаў і Эндру Пэррот. Павел Котля дырыжыраваў у Велікабрытаніі, Швецыі, Бельгіі, Іспаніі, Германіі, Грузіі, Чэхіі, Аўстрыі, Расіі, Бразіліі, Ўкраіне і Беларусі. Выступаў на такіх прэстыжных сцэнах свету, як Каралеўскі Альберт-Хол і Барбікан-цэнтр у Лондане, Берлінская філармонія, Каралеўскі оперны тэатр у Мадрыдзе, Berwaldhallen у Стакгольме, Оперны тэатр у Сан-Паўлу, Нацыянальны оперны тэатр Украіны ў Кіеве і Санкт-Пецярбургскай філармоніі. З Моладзевым аркестрам Еўрапейскага Саюза (EUYO) у сакавіку 2008 года Павел Котля адкрываў цырымонію 50-годдзя Еўрапарламента. Ён таксама з'яўляўся мастацкім кіраўніком моладзевага аркестра I'Culture Orchestra, які выступіў у самых вялікіх канцэртных залах Еўропы (Стакгольме, Варшаве, Кіеве, Берліне, Лондане, Мадрыдзе і Брусэлі).



Марыя Махоўска – канцэртмайстар аркестра Нацыянальнай філармоніі ў Варшаве. Лаўрэат XIII Міжнароднага конкурсу скрыпачоў імя Генрыха Веняўскага ў Познані (2006). Яе прафесарамі былі Міраслаў Лаўрыновіч, Марэк Зібура і Канстанты Анджэй Кулка, пад кіраўніцтвам якога яна скончыла адукацыю на Музычным універсітэце імя Ф.Шапэна ў Варшаве. Марыя Махоўска мае вельмі багаты артыстычны багаж. Яна канцэртавала з самым складаным скрыпічным рэпертуарам ва ўсіх еўрапейскіх краінах, а таксама ў ЗША, Канадзе, Японіі, Кітаі і Ізраілі. У 2008-2014 гадах з’яўлялася канцэртмайстрам знакамітага аркестра „Sinfonia Varsovia”. Акрамя канцэртнай дзейнасці Марыя Махоўска займаецца педагогікай – яна выкладае па класе скрыпкі ў сваёй роднай вучэльні – Музычным універсітэце імя Ф.Шапэна ў Варшаве

Катажына Буднік-Галонзка (альт) выпускніца Музычнага універсітэта імя Ф.Шапэна ў Варшаве. У верасні 2013 года стала лаўрэатам трэцяй прэміі прэстыжнага конкурсу ARD у Мюнхене. З поспехам выступала на шматлікіх нацыянальных і міжнародных конкурсах. У якасці салісткі і камералісткі неаднаразова выступала ў Польшчы і іншых еўрапейскіх краінах. У 2010 годзе яна ўдзельнічала ў праекце Chamber Music Connects the World, арганізаваным Акадэміяй у Кронбергу (Германія), дзе выступала з такімі выбітнымі музыкамі, як Гідон Крэмер, Таццяна Грындзенка, Юрый Башмет і Франс Хелмерсон. Выступала на шматлікіх прэстыжных фестывалях, такіх як Музычны фест ываль у Ланьцуце, Міжнародны фестываль камернай музыкі ,,Muzyka na Szczytach” у г. Закапанэ, Kammermusikfest Lockenhaus (куды была запрошана Гідонам Крэмерам). У лістападзе 2013 года выйшаў сольны альбом К. Буднік-Галонзкі “Viola Recital”, за які яна была атрымала ўзнагароду польскай фанаграфічнай акадэміі Fryderyk 2014”.

Ян Каліноўскі – знакаміты польскі віяланчэліст. З выдатнай адзнакай скончыў Кракаўскую акадэмію музыкі, свае уменні ўдасканальваў у Парыжы і Штутгардзе. З’яўляецца стыпендыятам шматлікіх польскіх і замежных фондаў, а таксама г. Кракава, Малапольскага ваяводства і Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. Разам з Марэкам Шлезэрам сумесна стварае дуэт “Cracow Duo”. Запісаны ў 2009 г. альбом калектыву з творамі А. Тансмана атрымаў узнагароду французскіх музычных крытыкаў “Clef de Res Musica”, а альбом камерных твораў Ф. Шапэна (2010 г.) намінаваны да ўзнагароды “Fryderyk 2011”. Музыкі выступалі ў найлепшых канцэртных залах свету, м.інш. Seoul Arts Center у Сеуле, Alfred Newman Hall у Лос-Анжелесе, а таксама нью-ёрскім Carnegie Hall. Ян Каліноўскі ўдзельнічаў у запісах музыкі для радыё і тэлебачання. Працуе выкладчыкам у Акадэміі музыкі ў Кракаве па класу віяланчэлі. У 2015 г. ён атрымаў доктарскую ступень.

Марэк Шлезэр − адзін з найбольш канцэртуючых польскіх піяністаў маладога пакалення. У 12−гадовым узросце ён стаў лаўрэатам Гран−Пры Міжнароднага піяністычнага конкурсу ў Рыме. Адукацыю атрымаў ў Акадэміі музыкі ў Кракаве, а таксама ў Парыжы і Бельгіі. Быў шматразова ўзнагароджваны за свае інтэрпрэтацыі твораў Ф. Шапэна, між іншым меў гонар граць сольны канцэрт на арыгінальным фартэпіяна кампазітара. У сакавіку 2015 г. з нагоды 205-й гадавіны з дня Ф.Шапэна выступіў у Carnegie Hall у Новым Ёрку. Прымае актыўны ўдзел у развіцці польскай музыкі ў самой Польшчы і за мяжой. Выступаў ў прэстыжных канцэртных залах свету і са шматлікімі нацыянальнымі аркестрамі. Выпусціў некалькі кампакт-дыскаў, у тым ліку для кампаній DUX, EMI, Amadeus і Moderato Classics. З'яўляецца членам Польскай Фанаграфічнай Акадэміі і Таварыства імя Ферэнца Ліста.

Па пытаннях акрэдытацыі ці інтэрв’ю з выканаўцамі просім скантактавацца па тэлефонах:

+375 17 200 95 81, 200 63 78 або электроннай пошце: minsk@instytutpolski.org