падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Misterium
STABAT MATER
Wlodek Pawlik & Gregorian Choir

20 верасня 2011Музыка
Месца: Мінск, МІНСКІ АРХІКАФЕДРАЛЬНЫ КАСЦЁЛ ІМЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ МАРЫІ ПАННЫ (пл. Свабоды 9)

Канцэрт сакральнай джазавай і харавой музыкі
 
«Влодэк Паўлік - гэта Уладзімір Гаровіц джазу. Гэта з'ява сама ў сабе. Кожны павінен яго паслухаць "- так Эрык фон Гроневот пракаментаваў для часопіса “Хто ёсць хто?”/ („Who is who”) выступленне Влодэка Паўліка на найбольш прэстыжным джазавым фестывалі ў свеце - North Sea Jazz Festiwal ў Гаазе (1998). 
 
  
 
- Калі вас яшчэ раз запросяць выступіць у Мінску, то які праект вы б хацелі прадставіць? – пацікавіліся ў Влодэка Паўліка беларускія журналісты падчас яго першага канцэрта ў Мінску ў 2008 г.
- Я б хацеў выступіць з грыгарыянскім хорам. Гэта мой самы маштабны праект. .. 
 
Влодэк Паўлік заслужыў рэпутацыю музыкі-віртуоза, таленавітага кампазітара, выдатнага саліста. Ён атрымаў бліскучую музычную адукацыю ў Варшаўскай музычнай акадэміі (1983) і Вышэйшай Школе музыкі ў Гамбургу (1986). Ён піша музыку джазавую і класічную, а таксама музыку для кіно, тэатра, балета, арыгінальным чынам спалучаючы элементы розных жанраў. Найлепшым гэтага прыкладам з’яўляецца праект "Misterium Stabat Mater", адзін з найбольш важных у кар'еры кампазітара, які быў прадстаўлены практычна ва ўсіх буйных саборах у Польшчы і за мяжой, між іншым у Рыме ў Базіліцы Santa Maria in Trastevere і сярэднявечным абацтве бенедыктынаў у г.Хёкстер (Германія). За альбом “Misterium Stabat Mater” у 2005 годзе Влодэк Паўлік атрымаў прэстыжную ўзнагароду “Fryderyk” у катэгорыі “Альбом года – вакальная музыка”.
 
Восем частак “Містэрыі” – гэта фартэпіянныя імправізацыі піяніста да грыгарыянскіх харалаў. Гэта музычнае спатканне дзвюх вялікіх музычных традыцый – старадаўняй (пачынаючы з IX стагоддзя) заходнехрысціянскай традыцыі богаслужбовых спеваў і сучаснай інтэрпрэтацыі еўрапейскага джаза, які чэрпае натхненне як з крыніцы народнай культуры, так і з класічнай музыкі. Нягледзячы на ўяўнае адрозненне стыляў, гэтую музыку нельга назваць штучным альбо надзвычай складаным эксперыментам. Наадварот, слухачы ўдзельнічаюць у нештодзённай падзеі, у якой пранікнёныя гукі фартэпіяннай імправізацыі перамяжоўваюцца з поўнымі канцэнтрацыі і сакральнай узнёсласці спевамі грыгарыянскага хору.
Гэтая музыка мае містычнае вымярэнне, выклікае самыя глыбокія эстэтычныя і філасофскія перажыванні. Гэта натхнёная малітва ў спалучэнні з творчым падыходам да сярэднявечнай і сучаснай музыкі. Гэта мост, перакінуты праз гісторыю чалавецтва.
 
Хор Падляскай філармоніі і оперы (Беласток), фота Дамінік Куклінскі
 
Хор Падляскай Філармоніі і Оперы быў утвораны ў сакавіку 2006 г. па ініцыятыве прафесара Віялеты Бялецкай і Марціна Наленч-Несялоўскага, генеральнага і мастацкага кіраўніка Падляскай філармоніі і оперы ў Беластоку ў 1997-2011 гг. Спевакі паходзяць з найлепшых беластоцкіх хораў: хору Універсітэта ў Беластоку, хору Медыцынскага Універсітэта ў Беластоку, жаночага хору “Schola Cantorum Bialostociensis”, але большую частку хору складаюць члены Беластоцкага камернага хору “Cantica Cantamus”, які на працягу многіх гадоў узначальвала цяперашні дырыжор і мастацкі кіраўнік - прафесар Віялета Бялецка. Хор праводзіць вельмі актыўную канцэртную дзейнасць у краіне і за мяжой - туры ў Бельгіі, Францыі, Літве, Малдове, Германіі, Румыніі, Украіне і Італіі. Калектыў прымаў удзел у прэстыжных фестывалях: Міжнародным фестывалі сучаснай музыкі "Варшаўская восень" - у суправаджэнні Сімфаічнага аркестра Нацыянальнай Варшаўскай філармоніі (2008), XIII Міжнароднай лабараторыі сучаснай музыкі ў Варшаве (2006), Міжнародным фестывалі "Musica Sacra ў Варшаўска-Пражскім кафедральным саборы" (2007). У 2007 годзе хор адкрываў Міжнародны фестываль духоўнай музыкі "Gaude Mater" у Чэнстахове, а ў 2009 г. у суправаджэнні Сімфаічнага аркестра Вроцлаўскай філармоніі пад кіраўніцтвам Я. Каспшыка ўдзельнічаў у адкрыцці 44-га Міжнароднага фестывалю "Wratislavia Cantans". У 2008 г. калектыў прыняў удзел у Фестывалі К. Пэндэрэцкага (да 75-годдзя з дня нараджэння кампазітара) , дзе быў выкананы твор "Сем брам Ерусаліма" пад кіраўніцтвам кампазітара. Музыка, запісаная на гэтым мерапрыемстве, стала саўндтрэкам да фільму пад той жа назвай, прэм'ера якога адбылася на сусветным міжнародным кірмашы гуказапісвальнай індустрыі MIDEM 2009 г. Кампутарную анімацыю да фільму стварыў лаўрэат прэміі Оскар - Томаш Багінскі. Хор Падляскай філармоніі і оперы зрабіў шматлікія запісы, ў прыватнасці: "Sacred Music” П. Лукашэўскага - альбом атрымаў узнагароду „Fryderyk-2008” Польскай Фанаграфічнай Акадэміі, ", а таксама творы К. Шыманоўскага, С. Марыты, Х. М. Гурэцкага - „Fryderyk-2009” за “Фанаграфічны Дэбют Года” , Кантаты "Малітва аб Польшчы» і «Вясна» З. Стаёўскага (намінацыя да „Fryderyk-2009”). У жніўні 2010 г. Хор прыняў удзел у канцэртным выкананні оперы «Норма» Вінчэнца Беліні на фестывалі «Шапэн і яго Еўропа», якое адбылося ў зале Нацыянальнай філармоніі ў Варшаве з выдатнай камандай "Europa Galante” пад кіраўніцтвам Фабіа Біондзі.  
 
 
праф. Віялета Бялецка, фота Дамінік Куклінскі
 
 Дырыжор і мастацкі кіраўнік хору Віялета Бялецка – лаўрэат шматлікіх узнагарод, сярод якіх: Залаты медаль Прэзідэнта РП Б. Камароўскага (2010), Прэмія Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны за мастацкія і дыдактычныя дасягненні (2009), Знак Пашаны "Заслужаны для польскай культуры" (2006), “Залаты крыж за заслугі” Прэзідэнта Рэспублікі Польшча (2002) і інш.