Вярнуцца на сайт
Я не нарадзіўся ў Польшчы, не выгадаваўся ў Польшчы, не жыву ў Польшчы, але пісаў па-польску. «Прыватныя абавязкі»
Мілашаў лірычны герой змяняе касцюмы, маскі, ролі... Аляксандр Фют
Мілаш увесь — гэта незастылая, арыгінальная думка ў развіцці. Артур Мендзыжэцкі
Мілаш аднавіў рамантычны ўзор паэта, увасабляючыся ў ролю мудраца, прарока, выхавальніка народу. Ежы Квяткоўскі
Паэт злучае і складае адзін з адным вобразы, сімвалы, знакі, што паходзяць з розных культураў... Бажэна Хшанстоўска
Предыдущая цитата Следующая цитата «Родная Еўропа» — год Чэслава Мiлаша
Вершы
Ты, каго я не здолеў выратаваць,
Паслухай
Гэтыя простыя словы:
Іншых проста саромеюся
І размаўляю з табою моўчкі, як воблака або дрэва.

Што мяне гартавала, было для цябе загубай.
Развітанне з эпохай прымаў ты за прыйсце новай,
Подых нянавісці – за лірычную навальніцу,
Сілу сляпую – за дасканалы кшталт.

Плыткія польскія рэчкі ў даліне. Вялізарны мост
Хаваецца ў белай імгле. Знішчаны горад.
Пакуль я з табой размаўляю,
Вецер крыкамі кірляў засыпае тваю магілу.

Чым ёсць паэзія, што не ратуе
Людзей, не ратуе народы?
Формай службовай хлусні,
Гарланнем пітушчае глоткі, якую вось-вось перарэжуць,
Чытанкай на ноч для прыгожых паненак.

У тым, што, няўмелы, я прагнуў сапраўднай паэзіі,
У тым, што пазней зразумеў яе ратаўнічы сэнс, –
У гэтым, у гэтым адным было ратаванне.

Некалі на магілы сыпалі мак ці проса,
Пакідаючы ежу душам памерлых – птушкам.
Сёння гэтую кнігу для цябе пакідаю,
Каб ты ніколі больш не вяртаўся сюды.

Пераклаў Андрэй Хадановіч

Падзеі / 07 чэрвеня 2011

Падазронае мастацтва

З 21 траўня і да канца месяца ў старой гданьскай ратушы можна было паглядзець выставу “Мастацтва, наагул, рэч падазроная”. Дзякуючы ёй жыхары Гданьску і турысты маглі пазнаёміцца са стаўленнем Чэслава Мілаша да мастацтва.

Барташ Філіп з Прыбалтыйскага цэнтра культуры патлумачыў польскаму радыё, што назва выставы паходзіць са слоў самога Мілаша. Некалі ён казаў, што мастацтва – гэта асабліва падазроная форма чалавечай дзейнасці.

“Мілаш параўноўваў літаратуру з “турнірам гарбуноў”, а таксама пісаў “дрэнна пра кіно”. Пра такое стаўленне Мілаша да мастацтва ведаюць нямногія, таму некалькі мастакоў вырашылі спаслацца на гэтыя выказванні”, – дадае спадар Філіп. 

Анна і Адам Віткоўскія пры падрыхтоўцы сваёй працы натхняліся “Лемантаром” і “Іншым лемантаром” Чэслава Мілаша. Катажына Кіек і Пшэмыслаў Адамэк знялі анімаваны ЗD-эцюд,  прысвечаны праблемам адлюстравання рэальнасці ў кіно.

У рамках дзейнасці экспазіцыі спадаром Барташам Філіпам была прачытаная таксама лекцыя “Пра сувязь Чэслава Мілаша з кіно і папулярным мастацтвам”, наведнікі маглі паглядзець фільм “Чараўніцкая гара”, прысвечаны жыццю пісьменніка ў Злучаных Штатах.

Паводле матэрыялаў www.polskieradio.pl


Усе Падзеі 2011
Ліпень | Чэрвень | Май | Сакавiк | Люты