Вярнуцца на сайт
Не зайздрошчу крытыкам, якія будуць пра мяне пісаць, таму што іграў я на вельмі многіх фартэпіянах. «Зямля Ульра»
...Увесь мой дэманізм канцэнтруецца ў супраціве польскай абмежаванасці, у супраціве, але не ва ўцёках, а таму змаганне можа весціся ў межах толькі польскай мовы. «Прыватныя абавязкі»
Мілаш увесь — гэта незастылая, арыгінальная думка ў развіцці. Артур Мендзыжэцкі
Мілашаў лірычны герой змяняе касцюмы, маскі, ролі... Аляксандр Фют
Калі б спыталіся ў мяне, адкуль паходзіць мая паэзія, я адказаў бы: з дзяцінства, з калядных песняў, з літургіі і травеньскіх набажэнстваў, таксама як і з Бібліі. «Зямля Ульра»
Предыдущая цитата Следующая цитата «Родная Еўропа» — год Чэслава Мiлаша
Вершы
Сподкі, шкляныя вечкі,
Квяцістыя філіжанкі
Ляжаць на беразе рэчкі,
Там, дзе праехалі танкі.
Ветрык над вамі лунае,
Кідае пух пярынны,
На чорны след ападае
Цень зламанай шыпшыны.
Пырскамі пены застылай
Палі, вокам кінуць, засланы.
Нічога мне так, мой мілы,
Не шкода, як парцаляны.

Толькі заранка ўстане
Над далягляду абрэзкам,
Чуваць зямлі екатанне,
Сподачкі жаляцца трэскам.
Сон майстроў патаемны,
Зімны спеў лебядзіны...
Чорны ручай падземны
Змые пра іх успаміны.
А раніцай смутак бяскрылы
Сэрца пячэ, несціханы.
Нічога мне так, мой мілы,
Не шкода, як парцаляны.

Бачаць да берагу сонца
Зыркую крышанку вочы.
Мора аскепкаў бясконца
Пад нагамі скрыгоча.
Зоры з каляднае крамы,
Цешылі нас сваёй барвай,
Цяпер спярэшчаны ў плямы
Брыдкай загуслай фарбай.
У свежых ляжыць магілах
Посуд, жалезам зламаны.
Нічога мне так, мой мілы,
Не шкода, як парцаляны.

Пераклалі Юрась Бушлякоў і Андрэй Хадановіч

Інтэрв’ю / 28 ліпеня 2011

Адам Паморскі: «Абы не выявілася, што Мілаш – сапраўдны беларус, і ніхто іншы»

– Cпадар Адам, Вы, як перакладчык літаратуры, як ацэньваеце Мілаша-перакладчыка?

Мілаш – вельмі заслужаны не толькі як перакладчык практык, але таксама як канцэпцыя перакладу, ён сфармуляваў многія рэчы, некаторыя заўвагі датычныя перакладаў, якія можна назваць фундаментальнымі – найперш пераклады біблейскіх кніг, а таксама пераклады, зробленыя яшчэ падчас вайны – пераклады Шэкспіра і Эліята. Але найперш – у пазнейшыя гады пераклады біблейскіх кніг. Ён пісаў пра мову, пра стыль мовы, які трэба стварыць і якога бракуе ў сучаснай літаратурнай польскай мове. І для чаго ўвогуле рабіліся гэтыя, як я ўжо сказаў, фундаментальныя пераклады? Насамрэч ніхто да яго, пачынаючы з міжваеннага перыяду, гэтага не зрабіў у такой меры – біблейскія кніга за кнігай – перакладаць на сучасную польскую мову. з сучаснай мастацкай свядомасцю.

– Ці ўплывае Мілаш на сучасную польскую паэзію, ці ён застаўся самотнікам, якім і быў пры жыцці?

Мне здаецца, што, так бы мовіць, цень Мілаша кладзецца на сучасную польскую паэзію, правакуе маладых да бунту, да супрацьпастаўлення сябе традыцыі, але гэтае супрацьпастаўленне не значыць, што яго не чытаюць. Яны бунтуюць, але супраць таго, што добра ведаюць. Гэта нармальны ход падзеяў, і добра, што гэтак адбываецца.

– Як вы ставіцеся да таго, што ў Беларусі часам глядзяць на Мілаша як на свайго земляка і прэтэндуюць на яго творчы даробак?

Я мяркую, што гэта вельмі добра. Толькі б не выявілася, што Мілаш – сапраўдны беларус, і ніхто іншы. Але пакуль мы жывем у агульным абсягу традыцыі, у такім абсягу, дзе гэтыя традыцыі ўзаемапранікаюць, ствараюць адна адну, дзе важнымі ёсць нюансы і акцэнты, які расстаўляюцца па-рознаму. Я думаю, што ўсё ў парадку, вельмі добра. І вельмі добра, што ў беларусаў ёсць патрэба гэтага “асваення” Мілаша – не ў сэнсе “прыўлашчвання”, а ўласна асваення. Думаю, ён быў бы вельмі рады гэтаму. Што датычыць яго прыхільнасці да беларускай справы, не сумняваюся, што ў яго было менш ведаў, чым прыхільнасці, я б сказаў. Але гэтая прыхільнасць несумненна была.


Комментарии работаю на системе Disqus