Вярнуцца на сайт
...Гэта мета-літаратура, то бок слова, якое не паведамляе, а ачышчае. Анджэй Кіёўскі
Я не нарадзіўся ў Польшчы, не выгадаваўся ў Польшчы, не жыву ў Польшчы, але пісаў па-польску. «Прыватныя абавязкі»
Мілашаў лірычны герой змяняе касцюмы, маскі, ролі... Аляксандр Фют
Я адчуваў моцна, што нічога не залежыць ад мяне, што калі нешта рэалізую ў жыцці, то гэта будзе дадзенае мне, а не здабытае. «Родная Еўропа»
Мілаш увесь — гэта незастылая, арыгінальная думка ў развіцці. Артур Мендзыжэцкі
Предыдущая цитата Следующая цитата «Родная Еўропа» — год Чэслава Мiлаша
Вершы
У дзень канца сьвету
Над кветкай настурцыі лётаюць пчолы,
Рыбак ладзіць свой нераток,
У моры вясёлыя скачуць дэльфіны,
А скура вужа зьзяе золатам, як і павінна,
Малы верабейка чапляецца за вадасьцёк.

У дзень канца сьвету
Жанчына па полі ідзе з парасонам,
Спіць п’яны ў абдымку з газонам,
На вуліцы крык гандляроў садавінай,
Пад ветразем лодка iдзе, як павінна,
Лунаюць скрыпічныя гукі ў паветры,
Уначы адмыкаючы зорныя нетры.

А ўсе, хто чакаў перуноў і маланак,
У расчараваньні.
А ўсе, што чакалі трубы Арханёла і знакаў,
Ня ў стане даць веры, што ён настае.
Пакуль над зямлёй сонца зь месяцам кружаць
І чмель прылятае да ружы,
І дзеткі ружовыя родзяцца ў жонкі і мужа,
Ніхто ня дасьць веры, што ён настае.

І толькі сівенькі стары, які мог быць прарокам,
Але ж не прарок, бо на гэта ёсьць іншыя людзі,
Падвязвае памідоры і кажа сабе:
Іншага канца сьвету ня будзе,
Іншага канца сьвету ня будзе.

1945

Пераклаў Андрэй Хадановіч

Так мала

Так мала сказаў.
Кароткія дні.

Кароткія дні,
Кароткія ночы,
Кароткія леты.
Так мала сказаў.
Не было калі больш.

Змучылася маё сэрца
Надзеяй,
Трывогай,
Роспаччу,
Парываннем.

На мне замыкалася
Пашча левіяфана.

У бездань
Зацягваў мяне
Белы кіт акіяна.

Знясілены,
Спаў я на берагах
Незаселеных выспаў.

I вось цяпер
Не ведаю, што было,
Не ведаю, што было
Наяве са мною.

Пераклаў Алесь Разанаў

Усе вершы