Вярнуцца на сайт
...Гэта мета-літаратура, то бок слова, якое не паведамляе, а ачышчае. Анджэй Кіёўскі
Мілашаў лірычны герой змяняе касцюмы, маскі, ролі... Аляксандр Фют
...Увесь мой дэманізм канцэнтруецца ў супраціве польскай абмежаванасці, у супраціве, але не ва ўцёках, а таму змаганне можа весціся ў межах толькі польскай мовы. «Прыватныя абавязкі»
Мілаш аднавіў рамантычны ўзор паэта, увасабляючыся ў ролю мудраца, прарока, выхавальніка народу. Ежы Квяткоўскі
Я не нарадзіўся ў Польшчы, не выгадаваўся ў Польшчы, не жыву ў Польшчы, але пісаў па-польску. «Прыватныя абавязкі»
Предыдущая цитата Следующая цитата «Родная Еўропа» — год Чэслава Мiлаша
Вершы
Дзень удаўся шчаслівы.
Туман рассеяўся рана, я працаваў у гародзе.
Калібры ўзляталі над кветкаю капрыфолю.
Не было на свеце рэчы, якую хацеў бы я мець.
Не ведаў нікога, каму варта было б пазайздросціць.
Што кепскага здарылася, забыў.
Не пасаромеўся думаць, што быў я і хто я.
Не адчувалася ў целе ніякага болю.
Прастаўшыся, бачыў блакітнае мора ды ветразь.

Кампа дзі Ф’ёры
У Рыме на Кампа дзі Ф’ёры
Місы маслін і лімонаў,
Брук віном акраплёны
Ды пялёсткамі кветак.
Пладамі ружовымі мора
Гандлёўцы сталы засыпаюць,
Цяжар вінаградных гронак
Кладзецца на пух брусквічны.

Тут менавіта, на пляцы,
Спалілі Джардана Бруна.
Каты агонь распалілі
Ў коле цікаўнае чэрні.
А ледзьве полымя згасла,
Зноў стала поўна ў тавернах,
Місы маслін і лімонаў
Неслі гандлёўцы на продаж.

Я ўспомніў Кампа дзі Ф’ёры
Ў Варшаве ля каруселі
Ў вясновы пагодны вечар
Пры гуках эстрадных мелодый.
Залпы за мурам гета
Глушыліся танцавым рытмам,
У бясхмарнае неба
Высока ўзляталі пары.

З вогнішча вецер прыносіў
Чорных паветраных змеяў –
Хапалі шматкі ў паветры
Гулякі на каруселі.
Ветрылі сукні дзяўчатам
Павевы адтуль, дзе гарэла,
Смяяліся весела гурмы
Ў час гожай варшаўскай нядзелі.

Мараль можа вычытаць нехта,
Што люд варшаўскі ці рымскі
За гандлем, забавай, каханнем
Не бачыць вогнішчаў смерці.
Іншы мараль заўважыць,
Што справы людскія мінаюць
І забыццё наступае,
Перш чым агонь дапалае.

Я ж думаў пра адзіноту
Асуджаных на загубу,
Аб тым, што калі Джардана
Ўступаў на памост да катаў,
У мове людской не здолеў
Знайсці аніводнага слова,
Каб развітацца з народам,
З тым людам, які застаўся.

Віна пабеглі ўжо выпіць,
Марскія прадаць свае зоркі.
Місы маслін і лімонаў
Неслі вясёлыя пары.
А ён быў ад іх далёкі,
Быццам мінулі стагоддзі,
Яны ж толькі хвілю чакалі
Яго адлёту ў пажары.

Тыя, самотныя, гінуць,
Пазабываныя светам,
Іх мова цяпер нам чужая,
Як мова даўняй планеты.
І ўсё гэта стане легендай,
Пройдуць гады, і за гэтым
На новым Кампа дзі Ф’ёры
Падыме бунт слова паэта.

Варшава, Вялікдзень 1943

Пераклалi Юрась Бушлякоў i Андрэй Хадановiч

Усе вершы