Вярнуцца на сайт
...Увесь мой дэманізм канцэнтруецца ў супраціве польскай абмежаванасці, у супраціве, але не ва ўцёках, а таму змаганне можа весціся ў межах толькі польскай мовы. «Прыватныя абавязкі»
Не зайздрошчу крытыкам, якія будуць пра мяне пісаць, таму што іграў я на вельмі многіх фартэпіянах. «Зямля Ульра»
Я адчуваў моцна, што нічога не залежыць ад мяне, што калі нешта рэалізую ў жыцці, то гэта будзе дадзенае мне, а не здабытае. «Родная Еўропа»
Мілаш аднавіў рамантычны ўзор паэта, увасабляючыся ў ролю мудраца, прарока, выхавальніка народу. Ежы Квяткоўскі
Паэт злучае і складае адзін з адным вобразы, сімвалы, знакі, што паходзяць з розных культураў... Бажэна Хшанстоўска
Предыдущая цитата Следующая цитата «Родная Еўропа» — год Чэслава Мiлаша
Вершы
Госпадзе Божа, любіў я клубнічны джэм
І цёмную слодыч жаночага цела,
Гарэлкі марожанай смак, селядцы ў алеі
І пах цынамону й гваздзікі.
Дзе ж выйсці з мяне мог прарок? Скуль жа дух
Такога наведваць бы меў? Столькі іншых
Праўдзіва абраных было, верагодных.
А мне хто б паверыў? Бо бачылі ўсе,
Як кідаюся на яду, спаражняючы шклянкі,
Юрліва ўглядаюся ў шыю афіцыянткі.
Заганы свае ўсведамляю. Вялікасці прагнучы,
Умеючы распазнаваць яе, дзе толькі ёсць,
Пры бачанні свету не вельмі каб ясным,
Я ведаў, што меншым, як мне, застаецца
Турнір гарбуноў, баль нядоўгіх надзеяў,
Пыхліўцаў паседжанні, літаратура.

Пераклалі Юрась Бушлякоў і Андрэй Хадановіч

Песня пра канец свету
У дзень канца сьвету
Над кветкай настурцыі лётаюць пчолы,
Рыбак ладзіць свой нераток,
У моры вясёлыя скачуць дэльфіны,
А скура вужа зьзяе золатам, як і павінна,
Малы верабейка чапляецца за вадасьцёк.

У дзень канца сьвету
Жанчына па полі ідзе з парасонам,
Спіць п’яны ў абдымку з газонам,
На вуліцы крык гандляроў садавінай,
Пад ветразем лодка iдзе, як павінна,
Лунаюць скрыпічныя гукі ў паветры,
Уначы адмыкаючы зорныя нетры.

А ўсе, хто чакаў перуноў і маланак,
У расчараваньні.
А ўсе, што чакалі трубы Арханёла і знакаў,
Ня ў стане даць веры, што ён настае.
Пакуль над зямлёй сонца зь месяцам кружаць
І чмель прылятае да ружы,
І дзеткі ружовыя родзяцца ў жонкі і мужа,
Ніхто ня дасьць веры, што ён настае.

І толькі сівенькі стары, які мог быць прарокам,
Але ж не прарок, бо на гэта ёсьць іншыя людзі,
Падвязвае памідоры і кажа сабе:
Іншага канца сьвету ня будзе,
Іншага канца сьвету ня будзе.

1945

Пераклаў Андрэй Хадановіч

Усе вершы