Вярнуцца на сайт
Мілашаў лірычны герой змяняе касцюмы, маскі, ролі... Аляксандр Фют
Мілаш аднавіў рамантычны ўзор паэта, увасабляючыся ў ролю мудраца, прарока, выхавальніка народу. Ежы Квяткоўскі
...Гэта мета-літаратура, то бок слова, якое не паведамляе, а ачышчае. Анджэй Кіёўскі
...Увесь мой дэманізм канцэнтруецца ў супраціве польскай абмежаванасці, у супраціве, але не ва ўцёках, а таму змаганне можа весціся ў межах толькі польскай мовы. «Прыватныя абавязкі»
Не зайздрошчу крытыкам, якія будуць пра мяне пісаць, таму што іграў я на вельмі многіх фартэпіянах. «Зямля Ульра»
Предыдущая цитата Следующая цитата «Родная Еўропа» — год Чэслава Мiлаша
Вершы
Сподкі, шкляныя вечкі,
Квяцістыя філіжанкі
Ляжаць на беразе рэчкі,
Там, дзе праехалі танкі.
Ветрык над вамі лунае,
Кідае пух пярынны,
На чорны след ападае
Цень зламанай шыпшыны.
Пырскамі пены застылай
Палі, вокам кінуць, засланы.
Нічога мне так, мой мілы,
Не шкода, як парцаляны.

Толькі заранка ўстане
Над далягляду абрэзкам,
Чуваць зямлі екатанне,
Сподачкі жаляцца трэскам.
Сон майстроў патаемны,
Зімны спеў лебядзіны...
Чорны ручай падземны
Змые пра іх успаміны.
А раніцай смутак бяскрылы
Сэрца пячэ, несціханы.
Нічога мне так, мой мілы,
Не шкода, як парцаляны.

Бачаць да берагу сонца
Зыркую крышанку вочы.
Мора аскепкаў бясконца
Пад нагамі скрыгоча.
Зоры з каляднае крамы,
Цешылі нас сваёй барвай,
Цяпер спярэшчаны ў плямы
Брыдкай загуслай фарбай.
У свежых ляжыць магілах
Посуд, жалезам зламаны.
Нічога мне так, мой мілы,
Не шкода, як парцаляны.

Пераклалі Юрась Бушлякоў і Андрэй Хадановіч

Не больш
Калi–небудзь я мушу сказаць, як зьмянiў
Свой пагляд на паэзiю, як так сталася,
Што сягоньня лiчуся адным з шмат якiх
Гандляроў i рамесьнiкаў японскага цэсарства,
Складальнiкаў вершаў аб вiшняў цьвiценьнi,
Хрызантэмах i месячнай поўнi.

Калi б мог куртызанак Вэнэцыi
Апiсаць, як прутком у падворку яны цьвеляць паўлiна,
І з тканiны шаўковай, з апаяскi парловай
Вылушчыць пругкiя грудзi, чырвоную
Рысу на чэраве — сьлед спражкi ад сукнi,
Так, прынамсi, як бачылi шкiпэры галiёнаў,
Таго ранку прыбылых з запасамi золата;
І калi б адначасна я iхныя бедныя косьцi
На магiльнiку, дзе лiжа браму драпежнае мора,
Залучыць мог у слове, мацнейшым за грэбень апошнi,
Якi сам у гнiльлi пад плiтою чакае сьвятла,

Не сумiўся б тады. Што з матэрыi непадаткой
Пазьбiраеш? Нiчога, мо толькi красу.
А тады нам павiнна хапiць кветак вiшнi,
Хрызантэмаў i месячнай поўнi.

Манжэрон, 1957

Пераклалi Юрась Бушлякоў i Андрэй Хадановiч

Усе вершы