падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Навіны / 17 верасня 2018

79-я гадавіна ўводу савецкіх войск на тэрыторыю Польшчы

17 верасня 1939 года, выконваючы пастановы сакрэтнага пратакола да пакта Молатава – Рыбентропа, падпісанага паміж Германіяй і Савецкім Саюзам 23 жніўня 1939 года, на тэрыторыю Польшчы былі ўведзены савецкія войскі. Савецка-нямецкае пагадненне прадугледжвала падзел тэрыторыі Польшчы паміж дзвюма таталітарнымі дзяржавамі. Згодна з пактам СССР абавязвалася падтрымліваць Германію ў ваенных дзеяннях супраць Польшчы.

Прычынай пачаць уварванне ў Польшчу павінна было стаць прызнанне савецкім урадам таго факта, што польская дзяржава перастане існаваць у выніку нямецкай агрэсіі, а ўрад Польшчы, як меркавалася, пакіне Варшаву. Такім чынам савецкія ўлады прызнавалі несапраўднымі папярэднія двухбаковыя дагаворы, у т.л. польска-савецкі дагавор аб ненападзе 1932 года. Насамрэч да 17 верасня вярхоўныя ўлады знаходзіліся на тэрыторыі Польшчы, а прэзідэнт Ігнацы Масціцкі ў сваім пасланні акрэсліў дзеянні Савецкага Саюза як акт агрэсіі. Безумоўна, такія дзеянні СССР былі грубым парушэннем двухбаковых дагавораў і міжнароднага права.

Савецкія войскі сустрэлі супраціўленне польскага боку, перш за ўсё, у Вільні, Гродна і Львове. У гэтых гарадах, як і на тэрыторыі ўсіх усходніх ваяводстваў II Рэчы Паспалітай, мелі месца шматлікія акты савецкага насілля ў адносінах да польскіх ваеннапалонных і грамадзянскага насельніцтва. Для апраўдання нападу клопатам пра бяспеку беларускага і ўкраінскага насельніцтва савецкія ўлады адкрыта заклікалі прадстаўнікоў гэтых нацыянальнасцей выступаць супраць палякаў.

Разам з рэгулярнымі часткамі савецкай арміі на тэрыторыі Польшчы пачалі дзейнічаць спецыяльныя атрады НКУС, задачай якіх была ліквідацыя структур польскай дзяржавы і патэнцыяльнага руху супраціўлення. З гэтай мэтай на акупаванай СССР тэрыторыі праводзіліся масавыя арышты і пакаранні прадстаўнікоў эліты. Наперакор ваенным звычаям і правілам большасць узятых у савецкі палон афіцэраў Войска Польскага стала ахвярай Катынскага злачынства. Сотні тысяч палякаў былі дэпартаваны ў глыб Савецкага Саюза (пераважна ў Сібір і Казахстан). Неаднаразова акрэсленай мэтай гэтых дзеянняў было імкненне канчаткова знішчыць польскую дзяржаву і далучыць акупаваныя землі да СССР.

Увод савейкіх войск на тэрыторыю Польшчы паскорыў прыняцце польскім урадам рашэння пакінуць краіну ў ноч з 17 на 18 верасня 1939 года, вынікам чаго стала ўтварэнне дзяржаўных і вайсковых структур у эміграцыі на чале з Прэзідэнтам Уладзіславам Рачкевічам. Такім чынам была захавана пераемнасць дзяржаўных інстытутаў, якая дазваляла Войску Польскаму працягваць барацьбу за мяжой.

Прайграная абарончая вайна Польшчы 1939 года не завяршыла барацьбу на тэрыторыі краіны. Нягледзячы на рэпрэсіі з боку акупантаў, ужо 27 верасня 1939 года была створана Служба перамозе Польшчы. Падпольныя структуры польскага руху спраціўлення дазволілі стварыць самую маштабную ў акупаванай Еўропе падпольную дзяржаву. Вынікам дзеянняў двух злачынных таталітарных рэжымаў быў падзел Польшчы, якая засталася адна ў сваёй барацьбе. На акупаванай польскай тэрыторыі пачалося масавае знішчэнне мясцовага насельніцтва, якое працягвалася практычна да заканчэння Другой сусветнай вайны ў 1945 годзе.

Другая сусветная вайна стала адной з найбольш трагічных падзей у гісторыі Польшчы. Да сённяшняга дня яе наступствы аказваюць значны ўплыў на польскую знешнюю палітыку. Нягледзячы на тое, што з верасня 1939 года мінула больш за 79 гадоў, палякі, як народ, застаюцца своеасаблівым стражнікам памяці пра тыя падзеі. Вайна, якая пачалася на досвітку 1 верасня 1939 года нападам Германіі на Польшчу, была самым варварскім і крывавым канфліктам у сусветнай гісторыі. Яна не мае аналагаў не толькі па прычыне дзясяткаў мільёнаў ахвяр, велізарных матэрыяльных страт, але і парушэння ўсіх маральных і этычных норм.


2019: Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2018: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2017: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2016: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2015: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2014: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2013: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2012: Снежань | Лiстапад | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Май | Красавiк | Люты | Студзень
2011: Снежань | Кастрычнiк | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2010: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2009: Лiстапад