падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

РЭПАРТАЖЫ З МЕРАПРЫЕМСТВАЎ

Фільм «Жонка наглядчыка заапарка» сабраў некалькі тысяч гледачоў


7 снежня ў Мінску адбылася прэм'ера фільма "Жонка наглядчыка заапарка" у беларускай агучцы.

Паказ адкрылі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік і Надзвычайны i Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Iзраiль у Рэспубліцы Беларусь Алан Шогам. 

Дадатковыя кінапаказы, якія адбыліся 8, 9 і 10 снежня ў к/т Масква ў Мінску сабралі звыш за дзве тысячы гледачоў. 

У кранальнай стужцы прадстаўлена рэальная гісторыя адважнага подзвігу наглядчыкаў Варшаўскага заапарка Яна і Антаніны Жабінскіх, якія далі прытулак і захавалі жыццё больш як 300 габрэям у годы Халакосту. Пасля Другой Cусветнай вайны Жабінскія атрымалі званне праведнікаў народаў свету. Штодзённы подзвіг галоўных герояў, трагізм лёсу ахвяраў вайны, злачынствы нацыстаў – усё гэта з майстэрствам пераплецена ў фільме 2017 года рэжысёра Нікі Каро. 

На беларускую мову фільм агучаны ў межах праекта «Беларускія ўікэнды» пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску і кампаніі velcom.

У галоўных ролях: намінант на прэмію «Оскар» Джэсіка Чэстэйн (зорка фільмаў «Інтэрстэллар» і «Марсіанін») і Даніэль Бруль («Капітан Амерыка», «Гудбай Ленін», «Бясслаўныя вырадкі»).

Наступны паказ адбудзецца ў Брэсце 13 снежня.




Гаворыць Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік


Гаворыць Надзвычайны i Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Iзраiль у Рэспубліцы Беларусь Алан Шогам

Кіраўнік праекта "Беларускія ўікэнды" Андрэй Кім.

Фільм «Жонка наглядчыка заапарка» распавядае пра тое, як можна заставацца чалавекам у бесчалавечных абставінах. Галоўныя героі фільма — Антаніна і Ян Жабінскія — наглядчыкі Варшаўскага заапарка, якія ў перыяд Другой Cусветнай вайны захавалі жыццё больш як 300 габрэям. Падчас акупацыі Польшчы Жабінскія ў заапарку і сваёй віле далі прытулак габрэям, уцекачам з варшаўскага гета. Пасля вайны Жабінскія атрымалі званне праведнікаў народаў свету. Праведнікі свету — гэта людзі, якія ў гады Халакосту бескарысліва ратавалі габрэяў, ставячы пад пагрозу, а часам  прыносячы ў ахвяру, сваё жыццё і жыццё блізкіх. Сярод больш за 26 тысяч праведнікаў свету каля 6,5 тысяч, г.зн.чацвёртую частку, складаюць палякі. Беларусы займаюць 8-е месца ў свеце па колькасці праведнікаў. У гады Халакосту ў Беларусі загінула больш за 800 тысяч габрэяў, засталіся ў жывых каля 30 тысяч, значная частка з іх выжыла дзякуючы беларускім праведнікам свету, а іх больш за 800 чалавек. Першае званне праведнікаў у Беларусі атрымалі Андрэй Нікалаеў і яго жонка Наталля Станько за ўкрыванне габрэйскай сям'і, якая ўцякла з гета ў Даўгінаве. Поруч з такімі вядомымі праведнікамі як Ірэна Сэндлер і Ян Карскі, ёсць тысячы малавядомых герояў з розных краін. Гісторыю выратавальнікаў і выратаваных сёння дакументуе праект www.sprawiedliwi.org.pl.

Каб прадставіць тэму выратавання габрэйскага насельніцтва ў акупаванай Польшчы і ўшанаваць памяць ахвяр у в. Маркава з 2016 г. працуе Музей палякаў, якія ратавалі габрэяў падчас Другой сусветнай вайны ім. сям'і Ульмаў. Вікторыя і Юзэф Ульмы ўкрывалі 2 габрэйскія сем'і, за што нацысты расстралялі і Ульмаў, і іх 6 дзяцей і 8 габрэяў, якім яны далі прытулак.

Палякаў і беларусаў, забітых нямецкімі нацыстамі за дапамогу габрэям, было нямала: у Налібоцкай пушчы за ўкрывальніцтва 30 габрэяў, якія ўцяклі з Мінскага гета, нацысты спалілі вёску Скірмунтава разам з яе жыхарамі.

У ліку тых, хто аказваў дапамогу габрэям, была сям'я Папы Рымскага Яна Паўла II. Сярод праведнікаў — ротмістр Войска Польскага Вітольд Пілецкі родам з-пад Ліды, які ў 1940 г. добраахвотна адправіўся ў канцлагер Аўшвіц і стварыў першыя ў гісторыі справаздачы аб нямецкіх масавых забойствах. Праведнікам таксама з’яўляецца Уладзіслаў Барташэўскі, адзін з арганізатараў «Жэготы» — падпольнага Савета дапамогі габрэям, вязень Аўшвіца, ўдзельнік Варшаўскага паўстання ў 1944 г., дыпламат. Яшчэ адзін польскі праведнік — гэта святар Ян Зея, які пастаўляў каталіцкія метрыкі аб хрышчэнні ў савет «Жэгота», каб дапамагчы ўкрыцца габрэям з Варшаўскага гета. Паводле ацэнак гісторыкаў, у гады Халакосту ў Польшчы габрэям дапамагалі каля 350 тысяч палякаў. У Польшчы было выратавана каля 120 тысяч габрэяў.

У 2017 г. адзначаецца 110 год з дня нараджэння беларускага праведніка Антона Кецкі, які падчас вайны быў прэсвітэрам баптысцкага Дома Малітвы ў Мінску. Ён апекаваўся двума мінскімі дзіцячымі дамамі і ўратаваў жыццё 72 габрэйскім дзецям. А. Кецка, яго сям'я і аднаверцы пад пагрозай растрэлу хавалі дзяцей на працягу двух гадоў, а падчас праверак замянялі габрэйскіх дзяцей сваімі. Сёння ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны яму прысвечана частка экспазіцыі. Яшчэ адна беларуская праведніца Еўдакімава Марыя з Мінска хавала ў кватэры 15-гадовага габрэя Фёдара Рэўзіна, нягледзячы на небяспеку для сябе і сваіх сыноў. Дзеці Марыі былі забітыя нямецкімі нацыстамі. Марыя і Фёдар выжылі. Каля 500 габрэяў выратавалі праведнікі Канстанцін Казлоўскі і яго сыны, якія дапамаглі збегчы габрэям з Навагрудскага гета.

Званне «Праведнік народаў свету» прысуджае ізраільскі нацыянальны мемарыял Халакосту і Гераізму «Яд Вашэм» у Іерусаліме.



2020: Студзень
2019: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2018: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2017: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2016: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2015: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты
2014: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2013: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты