падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

РЭПАРТАЖЫ З МЕРАПРЫЕМСТВАЎ

Прэзентацыя польскай мовы на Мінскім Фестывалі Моў

1 красавіка на Філалагічным факультэце БДУ адбыўся VІ Мінскі Фестываль Моў.

Фестываль сёлета прапанаваў слухачам прэзентацыі 59 моў свету, сярод якіх знайшліся такія экзатычныя ці старажытныя, як афрыкаанс, дзьяру, санскрыт, туканскія мовы і шматлікія іншыя. Упершыню на Фестывалі адбылася прэзентацыя праіндаеўрапейскай мовы – продка амаль усіх сённяшніх індаеўрапейскіх моў. Прэзентацыі на Фестывалі – гэта 45-хвілінныя расповеды лінгвістаў, перакладчыкаў, культуразнаўцаў, паліглотаў пра самыя цікавыя і прывабныя асаблівасці кожнай мовы.

Акрамя прэзентацый асобных моў фармат Фестывалю ўключае лінгвістычныя лекцыі, якіх сёлета абдылося 10 і якія датычылі такіх пытанняў, як нейралінгвістыка жэставых моваў, адметнасці ангельскага менталітэту, рунічнае пісьменства, міфы, якія паўстаюць вакол той ці іншай мовы і інш.

Адметнасцю Мінскага Фестывалю Моў на фоне фестываляў у іншых краінах з’яўляецца багаты набор лекцый блока беларусістыкі, які знаёміць наведвальнікаў з дакументаванай і легендарнай гісторыяй Мінска, адметнасцямі беларускай міфалогіі і літаратуры.

Польскую мову на сёлетнім Фестывалі традыцыйна прадстаўляла Любоў Падпорынава – выкладчык Кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства Філалагічнага факультэта БДУ і Польскага Інстытута ў Мінску. Слухачы мелі магчымасць не толькі даведацца пра багатыя польскія краявіды, захапляльнасць Мазурскіх азёраў, але і навучыцца чытаць па-польску, а таксама пазнаёміцца з адной з самых яскравых рысаў польскай граматыкі – катэгорыі асабова-мужчынскага роду.

Акрамя польскай мовы Любоў Падпорынава пазнаёміла наведвальнікаў Фестывалю з трыма рэгіянальнымі мовамі Польшчы: кашубскай, сілезскай і прадстаўленай упершыню русінскай (лемкаўскай). Прысустныя на прэзентацыі сілезскай мовы маглі даведацца пра няпростую і багатую гісторыю Сілезіі і шляхі фарміравання сілезскай мовы, намаганні сілезцаў здабыць для сваёй мовы статус рэгіянальнай, а таксама паспрабавалі скласці некалькі сказаў па-сілезску.

На прэзентацыі кашубскай мовы прагучалі па-кашубску ўрыўкі з Кнігі Эклезіяста, пераклад якой быў скончаны Адамам Сікорам у 2017 г., а таксама была прадстаўлена кашубская фанетыка, пасля чаго ўдзельнікі прэзентацыі спрабавалі свае сілы ў вымаўленні спецыфічных кашубскіх гукаў.

Прэзентацыя русінскай (лемкаўскай) мовы, якая адбылася ўпершыню, дазволіла слухачам даведацца пра складаны лёс польскага Падкарпацця, моўную палітыку ў Польшчы, а таксама пазнаёміцца з дзейнасцю арганізацыі Lemkoland, якая займаецца папулярызацый лемкаўскай мовы, у першую чаргу, сярод моладзі.

Развіццё Мінскага Фестывалю Моў дазваляе ў яго межах арганізаваць не толькі мерапрыемствы лекцыйнага характару, але і інтэрактыўныя лінгвістычныя забавы, адной з якіх ужо трэці раз запар стаўся Польскі размоўны клуб. Удзельнікі клуба на працягу 90 хвілін выконвалі розныя заданні, якія дазволілі разгорнута і свабодна выказвацца па-польску, а пазней згуляць у гульню, падчас якой кожны моўца павінен быў на падставе адказаў свайго партнёра здагадацца, як ён паводзіў бы сябе ў той ці іншай сітуацыі.

Самыя актыўныя ўдзельнікі прэзентацый і Польскага камунікатыўнага клуба атрымалі падарункі і сувеніры ад Польскага Інстытута ў Мінску.
 
 
 

2019: Верасень | Жнiвень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2018: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2017: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2016: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2015: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты
2014: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2013: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты