падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

РЭПАРТАЖЫ З МЕРАПРЫЕМСТВАЎ

1 чэрвеня адзначалася 50-я гадавіна з дня смерці Прафесара Браніслава Руткоўскага

1 чэрвеня адзначалася 50-я гадавіна з дня смерці Прафесара Браніслава Руткоўскага, польскага арганіста, кампазітара, педагога, першага рэктара Кракаўскай Аакадэміі музыкі, які нарадзіўся ў Камаях у 1898 г.


Браніслаў Руткоўскі - фота www.amuz.krakow.pl 

На радзіме  Браніслава Руткоўскага адбыліся ўрачыстыя мерапрымствы з нагоды 50-гадавіны Прафесара.

Святая Імша ў інтэнцыі Прафесара Браніслава Руткоўскага прайшла ў Касцёле Нараджэння Св. Яна Крысціцеля ў Камаях - месца, з якога пачаў свой творчы шлях Браніслаў Руткоўскі .
Касцёле Нараджэння Св. Яна Крысціцеля ў Камаях, фота  - Польскі Інстытут у Мінску
 
Падчас імшы быў паказаны відэазапіс прамовы Кіраўніка Кафедры арганаў Акадэміі музыкі ў Кракаве Міраславы Семянюк-Подразы,  а таксама адбыўся арганны канцэрт у выкананні аднаго з найлепшых прадстаўнікоў кракаўскай арганнай школы  - Марэка Стэфанскага.
Марэк Стэфанскі ў Камаях, фота - Польскі Інстытут у Мінску
 
Адным з элементаў урачыстасцей стала адкрыццё памятнай шыльды ў парку імя Праф. Б. Руткоўскага ў Камаях.
 

Памятная шыльда ў парку імя Праф. Б. Руткоўскага

Канцэрт у выкананні Марэка Стэфанскага адбыўся ўвечары таксама і ў раённым цэнтры - г. Паставы ў Касцёле Св. Антонія Падуанскага.

Ва ўрачыстасцях удзельнічалі прадстаўнікі Міністэртсва культуры РБ, Пастаўскага раённага выканаўчага камітэта, улады Камайскага сельсавета, Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Дырэктар Польскага Інстытута ў Мінску Уршуля Дарашэўска і інш.

Марэк Стэфанскі, Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Дырэктар Польскага Інстытута ў Мінску Уршуля Дарашэўска
фота - Польскі Інстытут у Мінску

Браніслаў Руткоўскі лічыцца стваральнікам пасляваеннай Кракаўскай арганнай школы, якая, у сувязі з абшарам ўздзеяння на вучэбныя цэнтры па ўсёй краіне і за мяжой Польшчы, стала фундаментам не толькі польскай арганістыкі, але і распаўсюдзілася на іншыя краіны Усходняй Еўропы. Марыян Валэк-Валевкі /Marian Wallek - Walewki/, польскі музыказнаўца, кампазітар і публіцыст, называе Руткоўскага “польскім Альбертам Швейцерам ". Браніслаў Руткоўскі нарадзіўся ў Камаях на тэрыторыі сёняшняй Беларусі 27 Лютага 1898 г. Вывучаў музыку ў Санкт –Пецярбургскай кансерваторыі і паланістыку ў Віленскім універсітэце. У Варшаўскай кансерваторыі вучыўся пад кіраўніцтвам Мечыслава Сужыньскага. Быў таксама стыпендыстам Schola Cantorum у Парыжы, дзе вучыўся ў сусветна вядомага арганіста сабора Нотр -Дам, Луі Вернэ.
Педагагічную дзейнасць пачаў у Варшаўскай кансерваторыі ў міжваенны перыяд. Пад яго кіраўніцтвам вучыліся музыканты, якія пасля 1945 года займаліся арганнай педагогікай у Кракаве і Варшаве: Юзэф Хведчук, Станіслаў Мажджонэк, Фелікс Ранчкоўскі. Браніслаў Руткоўскі служыў таксама арганістам у Архікатэдры Св. Яна Хрысціцеля ў Варшаве. Прафесійная дзейнасць Руткоўскага не абяжоўвалася яго актыўнасцю ў якасці арганіста - віртуоза і педагога. Ён супрацоўнічаў з Польскім радыё, рыхтуючы папулярызатарскія музычныя праграмы. Быў ініцыятарам стварэння Таварыства Старажытнай Музыкі, і з’яўляўся яго старшынёй. Заснаваў Музычнае вакацыйнае кола Ліцэй Кшэменецкага, а таксама Выдавецкае Таварыства Польскай Музыкі.
Пасля вайны застаўся ў Кракаве, дзе з 1946 года выкладаў на кафедры арганаў у Дзяржаўнай вышэйшай музычнай школе ў Кракаве (цяпер Кракаўская акадэмія музыкі). У перыяд з 1955 па 1964 гг. быў рэктарам гэтай навучальнай установы. У 1957 г. заснаваў Кафедру арганаў і клавесіна ў Кракаве, якая каардынавала працу ўсіх арганных класаў іншых вышэйшых музычных устаноў Польшчы: Варшавы, Познані, Лодзі і Гданьска. Пад кіраўніцтвам першага кіраўніка кафедры, праф. Браніслава Руткоўскага, супрацоўнікі распрацавалі вучэбную праграму ігры на аргане для сярэдніх і вышэйшых музычных устаноў, падрыхтавалі каталог арганнай літаратуры для Польскага Музычнага Выдавецтва, а таксама распрацавалі планы па будаўніцтве і рэканструкцыі некалькіх польскіх інструментаў (у Аліве, Каменю Паморскім, Вроцлаве, Лежайску, Фромборку). Акрамя новапабудаваных арганаў, якія паўставалі пад кіраўніцтвам Руткоўскага, у супрацоўніцтве з супрацоўнікамі кафедры, прафесар знайшоў інструмент, пабудаваны фірмай Вацлава Бернацкага для Дзяржаўнай вышэйшай музычнай школы ў Кракаве, які быў усталяваны ва ўніверсітэцкай аўдыторыі Флорыянка /Florianka/.
Кафедра арганаў была ініцыятарам фестываляў арганнай музыкі, у прыватнасці, у Гданьску-Аліве, Каменю Паморскім, Казімежу на Вісле. Руткоўскі таскама працаваў у якасці журналіста і галоўнага рэдактара журнала “Рух Музычны”, а таксама быў аўтарам радыёпраграм, прысвечаных музыцы. Ён памёр 1 чэрвеня 1964 у Касцёле Св. Томаса ў Лейпцыгу, падчас працы ў журы Бахаўскага конкурсу. Сярод яго вучняў – віртуозы, чыя канцэртная і педагагічная дзейнасць замацавала вядучую ролю Кракаўскай арганнай школы ў музычным жыцці Польшчы і Еўропы: Ян Яргонь, Йоахім Грубіх і Юзэф Сэрафін.
У знак прызнання заслуг Браніслава Руткоўскага для Дзяржаўнай вышэйшай музычнай школы ў Кракаве, 6 кастрычніка 1965 г. , універсітэцкай аўдыторыі Фларыянка было прысвоена імя заснавальніка польскай арганістыкі. Гэты факт пацьвярджае размешчаная ў аўдыторыі мемарыяльная дошка: "Браніслаў Руткоўскі (07.01.1898 - 01.06.1964) - артыст і музычны дзеяч, заснавальнік польскай школы аргана, прафесар і заслужаны Рэктар Дзяржаўнай вышэйшай музычнай школы ў Кракаве ".
Мечыслаў Тамашэўскі, выбітны польскі музыказнаўца, успамінае Руткоўскага, які “рэалізаваўся як Рэктар – у спраўнай працы, як педагог – у фарміраванні творчай індывідуальнасці вялікай колькасці выбітных арганістаў французскай арыентацыі”. Аб форме правядзення заняткаў Браніслава Руткоўскага са студэнтамі, расказвае легендарны польскі арганіст, вучань Руткоўскага, праф. Йоахім Грубіх: "Падчас лекцыі ён займаў месца на малым подыуме паблізу арганнай лаўкі ( ... ). Лекцыі былі індывідуальнымі – і на мой погляд - вельмі цікавымі. Ён звяртаўся да нас “прошэ Пана”, але адчувалася яго цяпло і нават пэўная блізкасць, таму што ён ствараў амаль сямейную атмасферу. Кожная лекцыя пачыналася з гутаркі на розныя тэмы. Часта прафесар прызнаваўся ў сваіх праблемах, якія датычылі кіравання установай ( ... ). Ён заўсёды мог вельмі шмат расказваць пра музыку, у вельмі шырокім кантэксце. Менш было каментарыяў наконт тэхнікі ігры. ( ... ) Як былы студэнт Луі Вернэ, лічыўся спадкаемцам французскай арганнай школы. ( ... ). Я бачыў у ім вельмі глыбокія вартасці і захапляўся вялікім веданнем музыкі".
Марэк Стэфанскі , Кракаў 2013

2019: Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2018: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2017: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2016: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2015: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты
2014: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2013: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты