падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

РЭПАРТАЖЫ З МЕРАПРЫЕМСТВАЎ

Рэпартаж з Мінскага фестывалю моў

26 сакавіка на Філалагічным факультэце БДУ адбыўся V Мінскі Фестываль Моў.

Паспеўшы ўжо зрабіцца добрай традыцыяй у апошнюю нядзелю сакавіка, V Мінскі Фестываль Моў сёлета прапанаваў слухачам прэзентацыі больш за 50 моў свету, сярод якіх знайшліся такія экзатычныя, як афрыкаанс, какчыкель, наваха, суахілі, хваршынская і шматлікія іншыя. Прэзентацыі на Фестывалі – гэта 45-хвілінныя расповеды лінгвістаў, перакладчыкаў, культуразнаўцаў, паліглотаў пра самыя цікавыя і прывабныя асаблівасці кожнай мовы.

Акрамя прэзентацый асобных моў фармат Фестывалю ўключае лінгвістычныя лекцыі, якіх сёлета абдылося 10 і якія датычылі такіх пытанняў, як жывыя і мёртвыя мовы, нейралінгвістыка, сістэмы пісьма, лінгвістычнае прагназаванне і інш.

Адметнасцю Мінскага Фестывалю Моў на фоне фестываляў у іншых краінах з’яўляецца багаты набор лекцый блока беларусістыкі, які знаёміць наведвальнікаў з дакументаванай і легендарнай гісторыяй Мінска, адметнасцямі беларускай міфалогіі, а таксама архітэктурай Беларусі.

Польскую мову на сёлетнім Фестывалі традыцыйна прадстаўляла Любоў Падпорынава – выкладчык Кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства Філалагічнага факультэта БДУ і Польскага Інстытуту ў Мінску. Слухачы мелі магчымасць не толькі даведацца пра міфалагічныя сімвалы польскіх гарадоў, такія як вавельскі цмок, познаньскія козлікі, варшаўская русалка, але і навучыцца чытаць па-польску, што дазволіла пазней самастойна адшукаць на мапе Уроцлава гномаў – сімпатычных і прыязных да турыстаў насельнікаў горада, якія маюць вельмі выразныя імёны.
 
 
Акрамя польскай мовы Любоў Падпорынава пазнаёміла наведвальнікаў Фестывалю з дзвюма рэгіянальнымі мовамі Польшчы: кашубскай і сілезскай. Прысутныя на прэзентацыі сілезскай мовы маглі даведацца пра няпростую і багатую гісторыю Сілезіі і шляхі фарміравання сілезскай мовы, намаганні сілезцаў здабыць для сваёй мовы статус рэгіянальнай, а таксама паспрабавалі скласці некалькі сказаў па-сілезску.
 

На прэзентацыі кашубскай мовы прагучалі па-кашубску ўрыўкі з Кнігі Эклезіяста, пераклад якой быў скончаны Адамам Сікорам літаральна некалькі месяцаў таму, а таксама была прадстаўлена кашубская фанетыка, пасля чаго ўдзельнікі прэзентацыі спрабавалі свае сілы ў вымаўленні спецыфічных кашубскіх гукаў.

Развіццё Мінскага Фестывалю Моў дазваляе ў яго межах арганізаваць не толькі мерапрыемствы лекцыйнага характару, але і інтэрактыўныя лінгвістычныя забавы, адной з якіх ужо другі раз запар стаўся Польскі размоўны клуб. Удзельнікі клубу на працягу 90 хвілін выконвалі розныя заданні, якія дазволілі разгорнута і свабодна выказвацца па-польску, а пазней згуляць у дэтэктыўную гульню, падчас якой кожны моўца павінен быў на падставе адказаў свайго партнёра здагадацца, як ён паводзіў бы сябе ў той ці іншай сітуацыі.

Самыя актыўныя ўдзельнікі прэзентацый і Польскага камунікатыўнага клубу атрымалі падарункі і сувеніры ад Польскага Інстытуту ў Мінску.

Арганізатары і прэзентатары Мінскага Фестывалю Моў у 2018 г. запрасілі ўсіх на чарговы, VI Мінскі Фестываль Моў, які адбудзецца традыцыйна ў апошнюю нядзелю сакавіка.
 
 
 


2017: Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2016: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2015: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты
2014: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты | Студзень
2013: Снежань | Лiстапад | Кастрычнiк | Верасень | Жнiвень | Ліпень | Чэрвень | Май | Красавiк | Сакавiк | Люты